Чэхія разгледзіць пытанне аб прызнанні КДБ і ГУБАЗ тэрарыстычнымі арганізацыямі
Павел Латушка на сустрэчы з кіраўніком ніжняй палаты Парламента Чэхіі Маркетай Адамавай / @BelarusCabinet
Чэхія абмяркуе на ўзроўні ўрада прымяненне інструментаў універсальнай юрысдыкцыі ў крымінальных справах супраць беларускіх сілавікоў, адказных за рэпрэсіі. Аб гэтым паведаміў пасля сустрэчы з кіраўніком ніжняй палаты парламента Чэхіі Маркетай Адамавай намеснік кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Павел Латушка.
"Кіраўнік парламента паведаміў, што ўжо дасягнута дамоўленасць з міністрам замежных спраў Чэхіі аб разглядзе прапановы аб прызнанні Чэшскай Рэспублікай КДБ і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі. Таксама Маркета Адамава ініцыявала збор подпісаў жанчын-лідэраў парламентаў Кіпра, Літвы, Польшчы і Германіі за вызваленне Дар'і Лосік і гатоўнасць і надалей падтрымліваць усе магчымыя крокі па вызваленні палітвязняў", — распавялі ў прэс-службе Аб'яднанага пераходнага кабінета.
У сваю чаргу, Павел Латушка перадаў "прапановы аб увядзенні Чэхіяй нацыянальных санкцый у дачыненні да некалькіх соцень прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі". Як ён зазначыў пасля сустрэчы, "Чэхія становіцца адным з лідэраў у Еўропе па падтрымцы беларускага грамадства ў барацьбе за дэмакратычныя пераўтварэнні".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.