Чыгуначнікі: у Расію з Беларусі вывозяць не толькі танкі, але і боепрыпасы
Вываз боепрыпасаў з Беларусі / t.me/belzhd_live
З Беларусі ў Расію вывозяць не толькі вайсковую тэхніку, але і боепрыпасы з арсенала беларускай арміі. Пра гэта піша тэлеграм-канал "Live. Сообщество железнодорожников".
Паводле звестак чыгуначнікаў, уначы 11 кастрычніка з станцыі Бронная Гара (Брэсцкае аддзяленне Беларускай чыгункі) у бок станцыі Баранавічы-Цэнтральныя адправіўся грузавы цягнік №3502 з 26 вагонаў. Вагоны былі загружаныя боепрыпасамі з 46-га арсенала ракет і боепрыпасаў, сцвярджаюць аўтары канала.
Паведамляецца, што месцам іх прызначэння з'яўляецца станцыя Альхаватка ў Варонежскай вобласці, а грузаатрымальнікам — упраўленне фінансавага забеспячэння Міністэрства абароны РФ.
Згодна з дакументамі па гэтым цягніку ў адным з вагонаў едуць людзі, пяць пустыя — для прыкрыцця, а ў астатніх — выбуховыя матэрыялы (яны пазначаныя літарамі ВМ). Сумарная вага боепрыпасаў, якія вязе цягнік, складае 829 тон.
Раней паведамлялася, што з Беларусі ў Расію па чыгунцы перакідваюць састарэлыя танкі. Іх накіроўваюць пад Данецк.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.