Чым "карусель" адрозніваецца ад "ручая"? Пяць спосабаў сфальшаваць выбары
Ужо некалькі дзён незалежныя назіральнікі паведамляюць пра "карусели", укіды бюлетэняў і іншыя выпадкі фальсіфікацыі выбараў. Еўрарадыё вырашыла сістэматызаваць усе спосабы і абраць самы эфектыўны.
Спосаб першы ― "карусель"
Сутнасць.
На ўваходзе на ўчастак стаіць чалавек з пачкам запоўненых патрэбным чынам бюлетэняў, спыняе людзей і прапаноўвае ім грошы (ці яшчэ што) за голас. Калі выбаршчык пагаджаецца, чалавек дае яму запоўнены бюлетэнь, які трэба кінуць у скрынку для галасавання, і просіць вынесці з участка чысты, які той атрымае ад камісіі. Разлік адбываецца па факце, пасля вынасу чыстага бюлетэня.
Спосаб упершыню ў пісьмовых крыніцах згадваецца яшчэ ў Сярэднявеччы. Для арганізатараў зручны тым, што выбаршчык фальсіфікатара не можа падмануць.
Ці магчымы ў Беларусі?
Так, чаму не.
Спосаб другі ― "ручай"
Сутнасць.
Група людзей атрымлівае адмысловыя дакументы ― "адмацаванні" ― і ездзіць з участка на ўчастак, дзе галасуе патрэбным чынам. Спосаб гэты нашмат больш складаны, патрабуе адмысловага заканадаўства і вялікай колькасці арганізатараў. Характэрны для сучаснай Расіі. Там аднойчы журналістам нават удалося трапіць у такую групу "карсельшчыкаў" і сапсаваць свята.
Ці магчымы ў Беларусі?
Існуе вялікая нязручнасць, бо ў нас прагаласаваць на чужым участку можна толькі адзін раз, толькі маючы адмацаванне і толькі ў дзень галасавання. Калі ўсё гэта выконваць, то праблем з арганізацыяй "каруселі" будзе куды больш, чым з іншымі спосабамі.
"Калі яны прыехалі, скрыня для галасавання ўжо была дастаткова запоўненая. І ўбачыць нейкую карціну, як ляжаць бюлетэні, засыпаныя тымі, што былі закінутыя ў апошнія гадзіны, не ўяўлялася магчымым".
Спосаб трэці ― укід бюлетэняў
Сутнасць.
Тут ўсё проста. У скрынку для галасавання ўкідваюцца папярэдне патрэбным чынам запоўненыя бюлетэні. Спосаб патрабуе сумесных дзеянняў членаў выбарчай камісіі і міліцыянтаў, якія сочаць за законнасцю працэдуры на ўчастку. Яго адносна складана рэалізаваць, калі галасаванне адбываецца з дапамогай празрыстых скрыняў.
Ці магчымы ў Беларусі?
Вядома. Як і ў любой іншай краіне, дзе на выбарах выкарыстоўваюць папяровыя бюлетэні і скрыні для галасавання.
Спосаб чацвёрты ― падробка пратаколаў
Сутнасць.
Выніковыя пратаколы па галасаванні на асобных участках рыхтуюцца незалежна ад вынікаў галасавання. Яны могуць існаваць як загадзя, яшчэ да даты правядзення выбараў, так і ўзнікаць у працэсе падліку галасоў. Спосаб складаны тым, што патрабуе ўдзелу ўсіх членаў камісіі, якія ўдзельнічаюць у працэдуры падліку галасоў. Незалежныя назіральнікі і апазіцыя сцвярджаюць, што менавіта такім чынам фальсіфікуюцца выбары ў Беларусі. Вядома, гэта незаконна, і такія злачынствы нават не маюць тэрміну даўнасці. Аднак у рэальнасці даказаць гэта цяжка, таму што пратаколы не захоўваюцца бясконца, а знішчаюцца праз нейкі час пасля выбараў разам з бюлетэнямі для галасавання.
Ці магчымы ў Беларусі?
Так.
Спосаб пяты ― агучванне несапраўдных лічбаў Цэнтрвыбаркамам
Сутнасць. Ну тут увогуле ўсё проста. У большасці краін, дзе адбываюцца выбары і рэферэндумы, выніковыя лічбы па галасаванні ведае толькі Цэнтральная выбарчая камісія, куды паступае інфармацыя з выбарчых участкаў. Спосаб вельмі складаны для рэалізацыі, таму што можа быць лёгка раскрыты назіральнікамі і сацыёлагамі, а таксама арганізатарамі экзіт-пулаў. Выніковыя лічбы галасавання па краіне ці выбарчай акрузе не могуць кардынальна адрознівацца ад сярэдняга выніку па асобных участках.
Ці магчымы ў Беларусі?
Калі верыць Лідзіі Ярмошынай, то ні ў якім разе.