Чым займаліся сепаратысты-беларусы да вайны на Данбасе
Еўрарадыё выйшла на сваякоў нашых грамадзян, якія папоўнілі так званую армію Наваросіі.
Будаўнік з Гродна
Жыхар Гродна Аляксей Ф. (32 гады) у верасні пачаў заліваць у сацсеткі фота, дзе ён пазіруе разам з іншымі сепаратыстамі ва ўніформе, са зброяй і сцягам там званай ДНР. Львіная доля фотаздымкаў прысвечаная "Рускаму нацыянальнаму адзінству" — забароненай экстрэмісцкай арганізацыі, якая і сёння праз сацсеткі вярбуе беларусаў на вайну ў Данбас. Нават сёння функцыянуе не менш за сем такіх інтэрнэт-суполак з канкрэтнымі заклікамі да беларусаў, брацца за зброю дзеля “рускага міра”.
Хоць блізкія Аляксея нічога пра РНА не ведаюць.
“Адзінае, што апошнім часам ён шмат размаўляў пра праваслаўе”, — распавядае Еўрарадыё маці Аляксея Ф..
Еўрарадыё: А чым сын займаўся да вайны?
Маці: “Працаваў будаўніком. У ВНУ ён паступаў некалькі разоў і не паступіў”.
Еўрарадыё: Ці меў калі-небудзь сям’ю?
Маці: “Сустракаўся з дзяўчынай, але нешта ў іх, напэўна, не атрымалася”.
У 2000-х Аляксей адслужыў у Мар’інай горцы і сёння вельмі ганарыцца тым досведам.
Сепаратыст-беларус з ЛНР ацэньвае волькасць сваіх землякоў на Данбасе ў паўтысячы
У канцы студзеня сепаратыст заліў у сацсеткі апошнія фотаздымкі, на якіх бачна, што ён атрымаў раненне нагі. Ужо больш за тыдзень у сеціве ён не з’яўляецца.
Рабочы з “Белшыны”
23-гадовы Дзмітрый М. засвяціўся ў СМІ напрыканцы студзеня. У 2012-2013 гадах ён служыў… у тым жа мар’інагорскім спецназе. Высвятляем, што да вайны на Данбасе Дзмітрый жыў у Бабруйску. Яшчэ да арміі ён пабраўся шлюбам, у яго нарадзілася дзіця.
“Вярнуўся з арміі, пайшоў працаваць на “Белшыну”. З жонкай разышоўся і сышоў. Яна з дзіцём засталася жыць у свякрові”, — распавядае Еўрарадыё блізкі сваяк Дзмітрыя М.
Сепаратыст жывы і здаровы. Рэгулярна з’яўляецца ў сеціве.
Вадзіцель з Мінска
Дзмітрый М. трапіў на Данбас у звязцы з “Белым” (23 гады). Хлопцы разам служылі ў той жа Мар’інай горцы. Як высветліла Еўрарадыё, “Белы” паходзіць з Лагойскага раёна. Звязваемся з яго сям’ёй.
“Сяргей скончыў Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж. Ён разведчык, снайпер. Пасля арміі працаваў вадзіцелем у расійскай фірме, развозіў па Беларусі паўфабрыкаты, — распавядае Еўрарадыё маці “Белага”. — Потым пайшоў у прыватную будаўнічую кампанію. Пасля паехаў на заробкі ў Расію”.
Высвятляем, што да службы ў войску Сяргей ажаніўся з жанчынай, старэйшай за яго на 13 гадоў. У яе было двое дзяцей. Па словах маці, сын сышоў ад жонкі, калі тая “пайшла налева”. Хоць афіцыйна яны не развяліся.
Такім чынам, усе тры засвечаныя ў інтэрнэце беларусы-сепаратысты паехалі на Данбас халасцякамі — стварыць сем’і ў Беларусі яны не змаглі. Як і атрымаць вышэйшую адукацыю. Затое ўсе адслужылі ў мар’інагорскім спецназе.
Нацбол з Іўя
З гэтай кампаніі вылучаецца Сяргей Я. з Іўя, які ваюе за так званую ЛНР. Яму 24. Калі папярэднія хлопцы вылучаюцца ультраправымі і нават неанацысцкімі поглядамі, то гэты з’яўляецца прыхільнікам нацыянал-бальшавікоў. Хлопец у школьныя гады займаўся футболам, адвучыўся ў тэхнікуме на электрыка.
“Сказаў, што едзе ў Расію на заробкі. Тое, што ён ваюе, мы даведаліся нядаўна”, — прызнаецца Еўрарадыё блізкі сваяк сепаратыста з Іўя.
Сяргей Я. таксама жывы і здаровы, рэгулярна з’яўляецца ў сеціве. Праваахоўнікі ўжо прыходзілі на гутарку да яго сваякоў. Верагодна, з-за гэтага той павыдаляў са старонкі ў сацсетцы фота, якія сведчаць яго пра ўдзел у вайне. Цікавіліся сілавікі і гарадзенцам Аляксеем Ф. А вось сваякоў нядаўніх мар’інагорскіх спецназаўцаў Дзмітрыя М. і “Белага” ніхто не турбаваў.