Чыноўнікі — лідары па тэмпе росту рэальных заробкаў у Беларусі
Дзяржслужбоўцы і кіраўнікі дзяржаўных арганізацыяў сталі лідарамі па тэмпах росту рэальных заробкаў. Як паведамляе TUT.by са спасылкай на часопіс Мінфіна “Фінансы, улік, аудыт”, за 9 месяцаў гэтага года заробак у гэтай сферы вырас на 30,6% і склаў 1 280,7 рубля.
Сярэдні заробак па краіне склаў у студзені-верасні 932,3 рубля. Агулам па краіне рэальны заробак па ўсіх сферах дзейнасці вырас на 12,2% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У сферы ІТ рост заробкаў склаў 6%, у будаўнікоў — 13,3%, у медыкаў — 11,3%, у работнікаў сістэмы адукацыі — 11,6%.
У траўні мінулага года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што трэба аптымізаваць дзяржаўны апарат і не павышаць заробкі. Адразу пасля гэтага чыноўнікаў сапраўды сталі часце звальняць чым прымаць на працу, аднак меней чым праз паўгода сітуацыя змянілася і службоўцаў зноў болей узялі на працу чым звольнілі.