Чыноўнікі падлічылі, колькі беларусы будуць кампенсаваць затрат на камуналку
Чыноўнікі падлічылі, колькі сёлета беларусы будуць кампенсаваць затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг. З улікам павышэння тарыфаў, якое адбылося 1 студзеня, гэтая лічба складзе 80,5%. Пра гэта ў чацвер заявіў прадстаўнік Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Дзмітрый Бурдзюгоў. БЕЛТА цытуе яго словы: "Ужо пралічана, што на 2019 год з улікам павелічэння тарыфаў з 1 студзеня сярэдні адсотак кампенсацыі па ўсім комплексу жыллёва-камунальных паслуг будзе 80,5%, па электраэнергіі — 100%".
Бурдзюгоў спыніўся і на газазабеспячэнні. Паводле яго слоў, 100-адсоткавую кампенсацыю затрат забяспечаць толькі па газавых плітах.
У мінулым месяцы міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Церахаў гаварыў, што на сённяшні дзень насельніцтва кампенсуе не больш за 20% затратаў на цеплавую энергію. Гэтую ж лічбу назваў і Дзмітрый Бурдзюгоў. Ён адзначыў, што агучаныя лічбы — "ацэначныя паказчыкі", якія будуць удакладняцца ў канцы 2019 года.