Чыноўніку прысудзілі тры гады за ўдзел у жнівеньскіх акцыях і "абразу Лукашэнкі"

Чыноўніку прысудзілі тры гады за ўдзел у жнівеньскіх акцыях і "абразу Лукашэнкі"

Суддзя Ленінскага раёна Мінска Таццяна Шоцік прысудзілі тры гады калоніі экс-чыноўніку Юрыю Сянькову, пішуць праваабаронцы "Вясны". Былога начальніка фінансавага аддзела адміністрацыі Ленінскага раёна прызналі вінаватым па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса — арт. 342 КК (Удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і арт. 368 КК (Абраза прэзідэнта). 

Нагодай сталі ўдзел Сянькова ў акцыях пратэсту 16 і 23 жніўня 2020 года і рэпост у Тэлеграме.

На судзе мужчына расказаў, што на вулічныя акцыі прыйшоў з цікавасці, бо раней нічога такога не бачыў. На праезную частку выходзіў не больш як на хвіліну — зрабіць сэлфі. Прычым рабіў гэта ў час, калі транспарт ужо не хадзіў.

Таксама Сянькоў паведаміў, што аднойчы ехаў з працы і пабачыў, як людзі ў форме збіваюць чалавека дубінкамі. Гэтая сцэна моцна падштурхнула яго выйсці на акцыі пратэсту.

З нагоды рэпосту ў Тэлеграме экс-чыноўнік сказаў, што быў падпісаны на мноства каналаў, якія потым прызналі экстрэмісцкімі. Юрый памятае, што перакідваў відэа, як Лукашэнка наведвае СІЗА. Ён скапіяваў і паўтарыў чыйсьці каментар "Возмездие неизбежно". Прадстаўніца дзяржэкспертызы на судзе пацвердзіла, што каментар меў абразлівы характар.

Затрымалі Сянькова 30 красавіка. Пяць разоў яго асудзілі па адміністрацыйных справах, даўшы яму 50 сутак арышту. Потым мужчыну перавялі ў СІЗА па крымінальнай справе.

У апошнім слове Сянькоў сказаў, што ашаломлены патрабаваннем пракурора, якая запатрабавала тры гады калоніі. 

“Я люблю сваю краіну, я не парушыў ніводнага яе закона да 2020 года. Я за 50 дзён на Акрэсціна, больш за 50 на Жодзіна і ў СІЗА не дапусціў ніводнага найдробнага парушэння. Я не адмаўляю сваю віну, але я не заслугоўваю ізаляцыі ад грамадства", — заявіў экс-чыноўнік. 

Тым не менш суддзя вынесла той прысуд, які прасіла пракурор.

У асобную вытворчасць вылучаны фінансавы пазоў ад "Мінсктранса".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі