Чыж пра мінскае "Дынама": Набраць каманду за 40-50 млн? Які сэнс?
Старшыня назіральнага савета сталічнага клуба Юрый Чыж даў вялікае інтэрв'ю газеце "Прессбол".
У ім ён, між іншым, выказаўся наконт частай змены галоўных трэнераў мінскага "Дынама". Нагадаем, за гады кіраўніцтва Чыжа (з канца 1990-х) ў клубе змянілася аж 28 трэнераў. Летась каманду трэніравалі ўкраінец Алег Пратасаў (да чэрвеня) і галандзец Роберт Мааскант (да снежня). Сёлета галоўным трэнерам дынамаўцаў стаў беларускі спецыяліст Уладзімір Журавель.
Юрый Чыж пагаджаецца, што частая змена галоўных трэнераў — "гэта кепска" і "ў большай ступені" гэта залежыць ад яго. Паводле слоў бізнэсмена, ён хацеў бы, каб каманду трэніраваў "вялікі трэнер", але такіх няма ўжо нават у Расіі.
"Магчыма, у мяне завышаныя патрабаванні, — цытуе словы Юрыя Чыжа "Прессбол". — Хочацца ўсяго дамагчыся хутчэй. Хаця з гадамі мяняюся. Кожны раз спадзяюся, што ў новага галоўнага трэнера абавязкова атрымаецца. Шчыра жадаю яму поспеху. Для гэтага ён атрымлівае ўсё, што клуб можа даць. Набраць каманду за 40-50 мільёнаў [долараў]? Які сэнс? У Беларусі чэмпіянат не такога ўзроўню як у Іспаніі ці Нямеччыне".
Фота — nn.by