Ці магчыма патрапіць на стацыянар у новую шаркаўскую бальніцу?

Будоўля доўгі час стаяла закінутай, пакуль улады нарэшце звярнулі на яе ўвагу. І вось, 7 лістапада 2012 года адбылося ўрачыстае адкрыццё новай бальніцы. На адкрыццё бальніцы прыязджаў сам кіраўнік Віцебскай вобласці Аляксандр Косінец, дарэчы, медык па адукацыі.

Будынак бальніцы выглядае вельмі прыгожа, а вось месцаў у тэрапеўтычным аддзяленні стала менш. Гаворыць жыхарка Шаркаўшчыны Наталля:

"Была ў нас тэрапія, там было 50 месцаў, а зараз тэрапеўтычнае аддзяленне зрабілі на 30 месцаў. Бальніцу пабудавалі прыгожую, добрую, а ў выніку няма месцаў. Часта патрапіць у бальніцу не магчыма". 

Па словах Наталлі, менавіта ў тэрапеўтычнае аддзяленне найбольш часта звяртаюцца жыхары па меддапамогу, і змяншэнне ложка-месцаў менавіта ў гэтым аддзеленні выглядае безсенсоўным. Для лекараў і абслугоўваючага персанала там месца паболела, з’явілася шмат розных дадатковых пакояў і каморак, а вось пра пацыентаў падумалі, як заўсёды, у апошнюю чаргу. Працягвае Наталля:

"Вось у маёй мамы перадінсультны стан быў, я два разы выклікала хуткую, і яе не забралі, таму, што казалі няма месцаў. Пакуль не прыехала трэці раз хуткая, яна ўжо адключалася поўнасцю, было бачна, што ў чалавека адбудзецца інсульт, тады яны ледзь забралі, сказалі, куды-небудзь паложым".

Мы паспрабавалі датэлефанавацца ў Шаркаўшчынскую раённую бальніцу. У прыёмнай галоўнага ўрача ўдакладнілі, што месцаў не трыццаць, а трыццаць тры.

У сваю чаргу грамадзкая дзеячка з Шаркаўшчынскага раёна Ада Райчонак паведаміла, што сапраўды патрапіць у бальніцу цяжка, да таго ж у раёне скарацілі некалькі сельскіх бальніц:

"Патрапіць у бальніцу, я ведаю, вельмі цяжка, там вечна месцаў не хапае. Раней у старой бальніцы было лепш у гэтым плане. Колькі бальніц паскарачалі! Германавіцкую закрылі, а вельмі добрая бальніца была, і людзей заўсёды было шмат. Яе закрылі. І вельмі мала праіснавала Лужэцкая бальніца".

Прычына закрыцця сельскіх бальніц, на думку Ады Райчонак, у тым, што ўлады жадаюць зэканоміць фінансавыя сродкі, якіх зараз не хапае. Але гэта толькі абвастрае праблему, бо вясковае насельніцтва імкліва старэе, а таму нагрузкі на сістэму аховы здароўя толькі будуць узрастаць.

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі