Ці падрыхтаваліся аптэкі да эпідэміі грыпу?

У Мінску прышчэпкі ад грыпу атрымаў кожны пяты — гэта больш за 374 тысячы чалавек, распавяла Еўрарадыё загадчыца эпідэміялагічнага аддзела Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Фісенка:

“Гэта вельмі добры вынік — 20% насельніцтва горада атрымалі гарантаваную абарону ад захворвання на грып”.

Паводле словаў спецыяліста, эпідэмія пакуль што не пачалася. А вірус грыпу ўвогуле незарэгістраваны.

Алена Фісенка: “Колькасць хворых адпавядае сярэднім шматгадовым дадзеным і застаецца стабільным на працягу апошніх трох тыдняў. Галоўную ролю па-ранейшаму граюць звычайныя рэспіраторныя вірусы. Вірусы грыпу на сёння сярод хворых па Мінску не ідэнтыфікуюцца”.

Калі вы не паспееце зрабіць прышчэпку да 15 лістапада, будзе магчымасць атрымаць вакцыну і пазней, супакойвае Алена Фісенка:

“Я думаю, што і пасля 15 лістапада, хто вельмі захоча, то зможа рэалізаваць гэтую магчымасць — напрыклад, праз платныя медыцынскія цэнтры. Або застаюцца яшчэ сродкі агульнага характару, якія стымулююць імунную абарону”.


Еўрарадыё пацікавілася, ці гатовыя мінскія аптэкі да эпідэміі грыпу. Сёлета ўвосень нарэшце з'явіўся ў продажы беларускі джэнерык "Таміфлю" — "Флустоп". Айчынны аналаг швейцарскіх лекаў каштуе ўдвая танней, але прадаецца толькі паводле рэцэптаў. Да таго ж, у аптэках яго пакуль не шмат.

Аптэка №1 Першамайскага раёна: “Флустоп" каштуе 51900, "Таміфлю" — 115790. І там, і там па 10 капсул. Пакуль эпідэміі няма — колькасць невялікая. Будзе эпідэмія — будзе вялікая колькасць”.

Нагадаем, што новы антыгрыпозны прэпарат "Флустоп" распрацавалі айчынныя фармацэўты. Намеснік дырэктара Інстытута фармакалогіі і біяхіміі Акадэміі навук Пётр Пятроў адзначае, што ў адрозненне ад замежнага прэпарата беларускі ўтрымлівае менш прымесяў і мае менш пабочных эфектаў:

“Гэта брэндавы джэнэрык — вельмі ці не вельмі, але блізкі. Ну, там ёсць адрозненні. Адрозненне ў тым, што ў ім менш прымесяў, менш будзе пабочных дзеянняў, у яго ёсць свой таварны знак — “Флустоп””.

Медыкі запэўніваюць, што сёлета, у адрозненне ад мінулага года, усіх лекаў хопіць. Так, у кампаніі “Лекфарм”, якая вырабляе “Арпетол”, кажуць, што ўлічылі леташнюю сітуацыю і запасліся неабходнай субстанцыяй.

Начальнік аддзелу маркетынгу кампаніі “Лекфарм” Аксана Дзяменцій: “Мы гатовыя — узброеныя ад і да. Актыўна распрацоўваюцца новыя серыі, на складзе ў дадзены момант у нас "Арпетол" ёсць, ніякіх перабояў не прадугледжваецца. Улічылі сітуацыю мінулага года, запасліся, напрацавалі. Так што, мяркую, ніякіх напружванняў наконт недахопу лекаў не будзе. У нас ёсць субстанцыя ў неабходнай колькасці, калі раптам давядзецца штосьці дапрацоўваць. Але спецыяльна цяпер нейкія дадатковыя партыі мы не дапрацоўваем”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі