Ці павінен за смерць маладзечанскай школьніцы адказваць старшыня райвыканкама?
29 верасня на бульбяным полі сельгасвытворчага камбіната “Усход-Агра” на ўскрайку Маладзечна загінула вучаніца 8 класа школы №11. На дзяўчынку наехаў МАЗ, гружаны бульбай. Што рабіла школьніца ў будні дзень на тым полі? Разам з аднакласнікамі ды беспрацоўнымі з біржы працы “дапамагала” прыбіраць ураджай. Сезон уборкі амаль завершаны, а бульба непрыбраная ў зямлі ляжыць.
Загад дапамагчы вяскоўцам школе аддаў старшыня Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Яхнавец. Па факце смерці школьніцы следчыя распачалі справу “паводле прыкмет злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 317 КК РБ — "Парушэнне ПДР або эксплуатацыі транспартных сродкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека". А значыць, матэрыялы збіраюць найперш супраць кіроўцы таго МАЗа.
Чытаю Кодэкс аб адукацыі: артыкул 89 “Адукацыйны працэс”: “Забараняецца прыцягненне навучальных устаноў да выканання прац (аказання паслуг), не прадугледжаных навучальна-праграмнай дакументацыяй, планам выхаваўчай працы ўстановы адукацыі, праграмамі выхавання”.
Ці не варта таксама распачаць справу супраць чыноўніка, які накіраваў дзяцей на поле? З гэтымі пытаннямі звяртаюся да старшыні камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Аляксандра Сягодніка.
Еўрарадыё: У “Кодэксе аб адукацыі” ёсць норма, у адпаведнасці з якой вучняў нельга прыцягваць да ўдзелу ў мерапрыемствах, наўпрост не звязаных з навучальным працэсам…
Безумоўна. Навучальны працэс — гэта ж асноўнае! Гэта і хлеб настаўніка — урокі, і для вучня ўрок — святое. Адрываць вучня ад урока, безумоўна, нельга. І гэта нідзе, ніякімі дакументамі, не прадугледжваецца. Але ёсць адміністрацыйныя хібы, скажам так. На жаль. Гэта, безумоўна, няправільна.
Еўрарадыё: І калі вучняў накіроўваюць на ўборку, да прыкладу, бульбы, то гэта супярэчыць Кодэксу аб адукацыі?
Аляксандр Сягоднік: На бульбу накіроўваць можна, але на гэты конт трэба прымаць рашэнне. Там жа не прапісаная тая бульба ў залежнасці ад таго, які ўзрост… У нас, ведаеце, не адзін Кодэкс — ёсць яшчэ нарматыўны дакумент, які вызначае працу дзяцей, дзіцячую працу. І там прапісана: дзеці да 14 гадоў, ад 14 да 18 гадоў — якія работы яны могуць рабіць. Але гэта робіцца, ізноў-такі, каб выконвалася навучальная праграма.
Пасля ёсць у нас яшчэ такое разуменне, як грамадска-карысная праца, як вытворчая праца дзяцей. І гэта трэба ўлічваць, а не проста здымаць з урокаў пагалоўна. Але ёсць хібы, якія прыводзяць, на жаль, і да трагедый часам. Таму гэтага не павінна быць, але дзеці не могуць… Ведаеце, мы і так шмат зрабілі для таго, каб дзяцей адвучыць ад працы. І гэта, на маю думку як настаўніка, які мае вялікі стаж… У маёй практыцы асноўнай была праца: і фізічная, і разумовая. І трэба дзяцей вучыць працы. Мы гаворым: “Падрыхтаваць да жыцця і да працы”. Я дзіўлюся з гэтага лозунгу, які быў у нас нават партыйным. Як можна падрыхтаваць яго (дзіця — Еўрарадыё)? Яно нарадзілася і ўжо мусіць працаваць: сябе абслужыць, бацькам дапамагчы — так, як рабілі ўсе мы. Так і тут. Але ж гэта трэба ў адпаведнасці з той нарматыўнай базай, якая ёсць, а не проста падыходзіць… Я прымаў рашэнні, абласных выканаўчых камітэтаў, студэнтаў накіроўвалі перш за ўсё, школьнікі маглі пасля ўрокаў недзе… Ну, у залежнасці ад магчымасцяў. А не проста таму, што тут трэба тушыць святло нейкае!
Еўрарадыё: Ці трэба, каб адказнасць за трагедыю была таксама на старшыні Маладзечанскага райвыканкама, які нібыта даў загад накіраваць школьнікаў на бульбу, адарваў ад навучальнага працэсу?
Аляксандр Сягоднік: Любога трэба караць, калі ён нешта парушыў. Калі ёсць парушэнне, то і дэпутат, і любы павінен станавіцца на бок нарматыўнага дакумента. Той, хто парушыў, мусіць несці адказнасць. Я не ведаю, гэта трэба разбірацца і для гэтага ёсць судовыя, следчыя органы, якія, думаю, так і робяць. І зробяць высновы такія, якія і трэба зрабіць.
Еўрарадыё: Гэта ваша ацэнка сітуацыі і як настаўніка, і як заканадаўцы?
Аляксандр Сягоднік: Такога не павінна быць. Такога не павінна быць — і кропка!
Ад рэдакцыі.
Накіроўваючы 13-гадовую Віку на бульбу, чыноўнікі парушылі 6 законаў.
1. Кодэкс аб адукацыі
Артыкул 89
“Адукацыйны працэс”: “Забараняецца прыцягненне навучальных устаноў да выканання прац (аказання паслуг), не прадугледжаных навучальна-праграмнай дакументацыяй, планам выхаваўчай працы ўстановы адукацыі, праграмамі выхавання”.
2. Закон “Аб ахове працы”
Артыкул 16
“Асобы, маладзейшыя за васемнаццаць гадоў, прыцягваюцца да выканання прац толькі пасля папярэдняга медычнага агляду. Асобы ва ўзросце ад чатырнаццаці да шаснаццаці гадоў могуць прыцягвацца да выканання лёгкіх відаў працы ў адпаведнасці з заканадаўствам”
Няма норм для дзяцей, якім менш за 14 гадоў.
3. Пастанова Міністэрства аховы здароўя №134
“Аб вызначэнні найбольшых нормаў пад’ёму і перамяшчэння няпоўнагадовымі цяжару ўручную”.
Няма норм для дзяцей, якім менш за 14 гадоў.
4. Канвенцыя Міжнароднай арганізацыі працы аб мінімальным узросце для прыёму на працу (набыла моц у нашай краіне 3 мая 1980 года)
Артыкул 7
“Нацыянальным заканадаўствам ці правіламі можа дапускацца прыём на працу па найме альбо на іншую працу асоб ва ўзросце ад трынаццаці да пятнаццаці гадоў для лёгкай работы, якая не шкодзіць наведванню школы”.
Артыкул 2.
“Мінімальны ўзрост не можа быць ніжэйшы за ўзрост завяршэння абавязковай школьнай адукацыі і, у любым разе, не павінен быць ніжэйшым за пятнаццаць гадоў.
5. Канвенцыя Міжнароднай арганізацыі працы аб мінімальным узросце допуску дзяцей на працу ў сельскай гаспадарцы.
Артыкул 1.
“Дзеці ва ўзросце да чатырнаццаці гадоў не могуць прымацца на працу альбо працаваць на дзяржаўных альбо прыватных сельскагаспадарчых прадпрыемствах ці ў іх філіялах у час, прызначаны для наведвання школы. Калі яны выкарыстоўваюцца на такога кшталту працы ў пазашкольны час, гэтая праца не павінная наносіць шкоду наведванню імі школы”.
6. Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь
Артыкул 272.
“З пісьмовай згоды аднаго з бацькоў працоўная дамова можа быць заключаная з асобай, якая не мае чатырнаццаці гадоў, для выканання лёгкай працы, якая не з’яўляецца шкоднай для яго здароўя і развіцця і не наносіць шкоды наведванню агульнаадукацыйнай установы”.
Няма норм для дзяцей, якім менш за 14 гадоў.
Віка мела толькі 13 гадоў, у яе, па сведчанні вучняў той жа школы №11, былі праблемы са слыхам, а трагедыя здарылася каля 13 гадзін. Што азначае: у школе ў той дзень дзеці не былі.
Фота Змітра Лукашука