Ці вярнуліся льготы на лекі для сэрца і вачэй? Тры аптэкі — тры розныя адказы

Ці вярнуліся льготы на лекі для сэрца і вачэй? Тры аптэкі — тры розныя адказы

З 17 кастрычніка ў беларускіх аптэках не даюць ільготы на некаторыя лекі для сэрца і вачэй, выпісаныя па льготных рэцэптах. Гэта звязана са зменамі ў так званы “асноўны пералік лекавых сродкаў”, які выкарыстоўваецца для ільготнага і нават бясплатнага забеспячэння людзей лекамі.

Пад канец мінулага тыдня прэс-сакратарка Мінздароўя Юлія Барадун запэўнівала Еўрарадыё, што аптэкі не маюць рацыі, а ведамства ўжо накіравала на адрас буйной дзяржаўнай сеткі аптэк “Белфармацыя” ліст з тлумачэннем сітуацыі.

Еўрарадыё вырашыла праверыць, ці дайшлі да “Белфармацыі” тыя тлумачэнні, і ці вярнуліся пакупнікам льготы. Кантрольны прэпарат — "Азарга", які ўжываецца для лячэння глаўкомы. Раней яго адпускалі па льготных рэцэптах.

У аптэцы №13 нам распавядаюць, што... “Азарга” больш не ўваходзіць у “асноўны пералік”, і таму яны не могуць прадаць яго па льготных коштах. Але, калі мы пачынаем пярэчыць, тут жа папраўляюцца:

"Калі ў вас рэцэпцік выпісаны да 17 кастрычніка, дык мы яго вам адпусцім, таму што ў стары пералік ён уваходзіў. А ў новы, зацверджаны з 17 кастрычніка, ужо не. Калі рэцэпт выпісаны пасля гэтай даты, дык ўжо ніяк".

У аптэцы №19 таксама адразу сказалі, што прадаць “Азарга” па льготнай цане не могуць. Аднак нехта (мабыць, калега, аптэкаркі, якая зняла слухаўку) пачаў нешта тлумачыць, і тая таксама паправілася. Але не так, як у папярэдняй аптэцы:

"Калі лекар напіша вам льготны рэцэпт менавіта на “Азарга”, дык мы прададзім вам яго. Аднак калі будзе напісана “Азарга” ці яго аналаг, напрыклад, "Фавуленз", дык прададзім вам апошні, бо ён таннейшы".

То бок, лекі, якія зніклі з “агульнага пераліку”, нам усё ж прададуць, але з умовай, што выпісалі менавіта іх.

У аптэцы “Белфармацыі” №11 Еўрарадыё адказалі, што “Азарга” па-ранейшаму можна набыць па льготнай цане. Але, паколькі на рынку з'явіўся беларуска-турэцкі "Фавуленз", цяпер пры магчымасці выдаюць яго:

"Калі ў вас у рэцэпце канкрэтна "Азарга", прададзім “Азарга”. Калі будзе напісана “брынзаламід цімалол”, дык зможаце атрымаць толькі "Фавуленз". Гэта не новаўвядзенне, проста раней не было беларуска-турэцкага "Фавуленза" нафасаванага".

Тры аптэкі — тры розныя адказы! Падобна да таго, што тлумачэнні Мінздароўя не праяснілі сітуацыю з льготнымі лекамі, а толькі больш заблыталі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі