Ці з’яўляецца міжнародны Альянс місій назіральнікаў фэйкавым?

Ці з’яўляецца міжнародны Альянс місій назіральнікаў фэйкавым?

Назіральнікі ад АБСЕ, ад СНД, місіі, альянсы… Апазіцыя асцерагаецца, што на гэтых выбарах могуць з’явіцца “фэйкавыя” міжнародныя назіральнікі, якія прызнаюць любыя выбары.

У чацвер, 17 верасня, адбылася канферэнцыя групы міжнародных назіральнікаў з краінаў ЕС, якія называюць сябе Альянсам місій назіральнікаў.

Адзін з прадстаўнікоў місіі, кіраўнічы дырэктар Еўрапейскага інстытута Лібертас Ханц-Юрген Загорка, заявіў падчас канферэнцыі:

“І хачу звярнуць увагу, што агульная перадвыбарчая атмасфера на дадзены момант значна палепшылася. Таму ў мяне вельмі аптымістычны настрой. Калі выбары і далей будуць праводзіцца гэтак жа пазітыўна, а вы будзеце гэтак жа лінейна развівацца, думаю, выніковая ацэнка будзе пазітыўнай. Гэта будзе важным крокам для ўступлення Беларусі ў Савет Еўропы”, — паведамляе тэлеканал АНТ.

Еўрарадыё паспрабавала высветліць, што гэта за група назіральнікаў.

Прадстаўнік ініцыятывы “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч мяркуе, што гэтая група назіральнікаў вельмі падобная на фэйк. Маўляў, спрабавалі даведацца пра гэты альянс — і нічога:

“У міжнародных партнёраў, якіх у нас вельмі шмат, і ў Еўрапейскіх сетках па назіраннях, у якія мы ўваходзім, іх ніхто не ведае”, — кажа Лабковіч.

Кіраўнік штаба Таццяны Караткевіч Андрэй Дзмітыеў сустракаўся з гэтай групай назіральнікаў, і гэты альянс яму таксама падаўся незвычайным. “У некаторых з іх нават візітовак не было”, — здзіўляецца кіраўнік штаба.

У Еўрарадыё атрымалася звязацца з Ханцам-Юргенам Загоркам і паразмаўляць пра місію.

Па словах міжнароднага назіральніка, Альянс — новае ўтварэнне. Яно ўключае ў сябе прадстаўнікоў трох установаў —  Еўрапейскага інстытута “Лібертас”, Еўрапейска фонду дэмакратыі і Еўрапейскага інстытута дэмакратыі. 

Ці з’яўляецца міжнародны Альянс місій назіральнікаў фэйкавым?
Ханц-Юрген Загорка (справа). Фота: libertas-institut.com

У склад мінскай дэлегацыі альянсу ўвайшло некалькі экспертаў: кіраўнік дэлегацыі Генрых Кронер, прадстаўніца “Еўрапейскага фонду дэмакратыі” Маргарыта Путроне і сам Ханц-Юрген Загорка як кіраўнічы дырэктар Еўрапейскага інстытута “Лібертас”.

“Мы ўсе працавалі раней з рэферэндумамі і выбарамі. Я таксама рэдактар газеты, якая называецца “Часопіс міжнародных спраў Еўрапейскага саюза”, і я пастаянна працую з выбарамі. Я быў у камандзе назіральнікаў “Еўрапейскія сябры Арменіі”, якая працавала на прэзідэнцкіх выбарах у Нагорным Карабаху ў ліпені 2012 года. І яны атрымалі ад нас ацэнку сумленных выбараў”, — кажа спадар Загорка.

Па яго словах, Альянс не запрашаўся дзяржавай, уся яго праца аплачваецца еўрапейскімі спонсарамі і СМІ.

“Мы не атрымлівалі запрашэння ад урада. Мы б не былі тады аб’ектыўнымі. Вядома, усе назіральнікі за выбарамі былі акрэдытаваныя ЦВК. Мы мусім заставацца неперадузятымі і мы б ніколі не прыехалі па запрашэнні ўрада”, — кажа кіраўнічы дырэктар інстытута “Лібертас”.

Еўрарадыё не ўдалося звязацца з іншымі ўдзельнікамі місіі і нават знайсці кантакты некаторых арганізацыяў. Але выглядае, што гэтая сапраўдная назіральніцкая арганізацыя.

Разам з тым, застаецца шмат пытанняў. Напрыклад, чаму гэтая група з’явілася акурат перад выбарамі ў Беларусі? Якія менавіта крыніцы спансавання мае? Адметна і тое, што прэзідэнцкія выбары ў Нагорным Карабаху не былі прызнаныя NATO і Еўрасаюзам.

“Еўрапейскі саюз не прызнае канстытуцыйных і прававых рамак, у якіх праводзяцца гэтыя выбары. Гэтыя “выбары” не павінныя вызначаць будучы статус Нагорнага Карабаха на перамовах па мірным урэгуляванні канфлікту”, — сказана ў заяве вярхоўнага прадстаўніка па справах замежнай палітыкі Кэтрын Эштан.

Фота: bykvu.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі