Ціханоўская запрасіла Ryanair у Беларусь пасля перамогі дэмакратыі
14 ліпеня Святлана Ціханоўская сустрэлася ў цэнтральным офісе Ryanair у Дубліне з гендырэктарам кампаніі Майклам О'Ліры.
Ён распавёў, што Ryanair праводзіць уласнае расследаванне па факце ўгону самалёта ў Беларусі. Як паведамляе прэс-служба Ціханоўскай, О'Ліры перадаў беларускаму палітыку справаздачу пра вынікі расследавання і паведаміў, што кампанія працуе разам з ICAO, Польшчай, Літвой і Грэцыяй, збіраючы матэрыялы і доказы.
Ціханоўская падзякавала дырэктару Ryanair за прынцыповую пазіцыю. Яна прапанавала падтрымаць падачу міжнароднага пазову супраць афіцыйнага Мінска па факце ўгону самалёта.
Ціханоўская падкрэсліла, што ўлады Беларусі стварылі вельмі небяспечны прэцэдэнт, прымусова садзячы самалёт Ryanair у Мінску.
Майкл О'Ліры пагадзіўся разгледзець прапанову Ціханоўскай, каб Ryanair прыйшоў у Мінск і беларускія рэгіёны пасля перамогі дэмакратыі.
Самалёт Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню, быў прымусова пасаджаны ў Мінску 23 траўня. Беларускія ўлады заявілі, быццам маюць звесткі пра выбуховую прыладу на борце самалёта. З рэйса быў зняты журналіст і блогер Раман Пратасевіч, унесены ў Беларусі ў спіс тэрарыстаў, і яго дзяўчына Сафія Сапега.
Прымусовая пасадка самалёта выклікала чарговыя санкцыі ЕС супраць беларускіх уладаў. ЕС забараніў самалётам сваіх кампаній лятаць у Беларусь і над Беларуссю, а таксама закрыў сваё неба для беларускіх авіякампаній.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.