Ціханоўская зноў заявіла, што не можа цяпер вярнуцца ў Беларусь
Святлана Ціханоўская не можа цяпер вярнуцца ў Беларусь, бо яе ўнеслі ў тэрарыстычны спіс. Пра гэта яна заявіла на прэс-канферэнцыі ў Вене 28 красавіка.
"Як вы ведаеце, у Беларусі мяне назвалі тэрарыстам, як і яшчэ больш чым 15 чалавек. Абсалютна дакладна тое, што, як толькі я перасяку мяжу, мяне затрымаюць. Ведаеце, з нашым заканадаўствам, а дакладней з адсутнасцю закона, яны могуць зрабіць са мной у турме ўсё што заўгодна", — прыводзіць БелаПАН словы Ціханоўскай.
Яна выказала ўпэўненасць, што на волі прынясе больш карысці — нават у іншай краіне. Ціханоўская дадала, што не адчувае сябе ў выгнанні, бо ад мяжы з Беларуссю яе адлучаюць толькі 20 хвілінаў. Акрамя таго, яна заўжды кантактуе з прадстаўнікамі Беларусі — студэнтамі, рабочымі, дваровымі супольнасцямі.
Ціханоўская знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі з 11 жніўня 2020 года. 2 красавіка 2021-га КДБ уключыў яе і Паўла Латушку ў спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.