Цікавы вынік на выбарчым участку: За Лукашэнку — 54,6%, за Караткевіч — 31,5%
Уладзімір Малярчук не прапусціў ніводных выбараў — альбо сам балатаваўся, альбо назіраў. На гэтыя выбары наўмысна выбраў сабе для назірання самы “скандальны” ў мінулым участак у Вілейцы:
“Але сёлета на гэтым участку №6 змяніўся старшыня камісіі, і ўсе непаразуменні, якія былі, вырашаліся палюбоўна: мы на нешта звярталі ўвагу — адразу выпраўлялася”.
Назіральнікі на гэтым выбарчым участку маглі не толькі спакойна лічыць і звяраць з выніковым пратаколам камісіі, колькі людзей прыходзіла галасаваць падчас датэрміновага галасавання, але і… бачыць увесь працэс падліку галасоў!
Уладзімір Малярчук: “Калі пачаўся падлік галасоў, назіральнікі ад улады засталіся сядзець там, дзе іх пасадзілі (адкуль нічога не бачна), а мы з калегам усталі і падышлі да стала. Намеснік старшыні загадала: “Сядзьце на сваё месца!”, але я адказаў, што сяду і буду пісаць заяву аб прызнанні выбараў на гэтым участку несапраўднымі, бо мы не бачым, за каго бюлетэні. Яна змоўкла, і мы хадзілі вакол стала і глядзелі, за каго той ці іншы бюлетэнь, ці ў той стос яго кладуць. Быў з нашага боку поўны кантроль”.
Што маем у выніку? З 1962 выбаршчыкаў гэтага ўчастка прагаласавала 1450. З іх за Таццяну Караткевіч свае галасы аддалі 457, альбо 31,5% чалавек, за Аляксандра Лукашэнку — 54,6%. На трэцім месцы кандыдат “супраць усіх” — 111, альбо 7,6% галасоў. Далей ідуць Сяргей Гайдукевіч з 42, ці 2,9%, галасамі і Мікалай Улаховіч з 23, ці 1,6% .
І лічба ў пераможцы прыгожая, і ў назіральнікаў прэтэнзій і падазрэнняў няма, і на старшыню выбарчай камісіі ніхто не глядзіць як на злоснага фальсіфікатара. Але ці сапраўды старшыня камісіі спіць спакойна? Можа, чакае праблем за тое, што не выканаў, у чым яго калег з іншых участкаў падазраюць асобныя назіральнікі, палітыкі ды палітолагі, указанняў “зверху” — не “намаляваў” правільныя вынікі галасавання?
“У мяне проста смех выклікае такое сцвярджэнне: як можна даваць нейкую “ўстаноўку”, а калі б яна нават і была — як яе можна выканаць, гэтую “ўстаноўку”? — здаецца, абсалютна шчыра здзіўляецца старшыня камісіі №6 Вілейкі Васіль Барысевіч. — Я з такім не сутыкаўся, каб мне загадзя давалі нейкую “ўстаноўку” зрабіць нейкі план, ды яшчэ і каб пэўны адсотак. Я не першы раз працую старшынёй камісіі, і мне такой “устаноўкі” ніхто ні разу не даваў. Ні супрацоўнікі старога выканкама, ні цяперашняе, новае кіраўніцтва. Наадварот, калі прымалі ўчасткі, то была цвёрдая “ўстаноўка” — усе павінныя быць у роўных умовах”.
Таму, кажа, ніякай асаблівай палёгкі незалежным назіральнікам ён не рабіў, а проста арганізаваў на ўчастку ўсё так, каб і назіральнікі маглі ўсё бачыць, і каб працы камісіі яны сваім назіраннем не перашкаджалі. “Лічу, што і ў іншых камісіях мусіла быць і было так”, — упэўнены Васіль Барысевіч.
На ўчастку №25 Цэнтральнага раёна Мінска назіральнікі, у тым ліку і міжнародныя, толькі здалёк маглі бачыць, як адбываецца падлік галасоў выбаршчыкаў.
Працэс падліку галасоў выбаршчыкаў на Глускім выбарчым участку №2 -- як яго бачыў назіральнік
Чаму ж, цікаўлюся, было не ўвесці ў склад камісіі прадстаўнікоў апазіцыі, таго ж Уладзіміра Малярчука з АГП? Гэта б зняла абвінавачванні, што апазіцыі дарогу ў выбарчыя камісіі закрылі.
“Ад першай хвіліны датэрміновага галасавання і заканчваючы апошняй хвілінай падліку мы працавалі разам з назіральнікамі, і вынік, які мы атрымалі, сапраўды такі, якім і павінен быў быць і якім ён на самой справе ёсць. Таму быў Малярчук у мяне ў камісіі ці не быў, гэта абсалютна нічога не змяніла б — вынік быў бы такім самым”, — сцвярджае старшыня камісіі.
Цікаўлюся ў старшыні выбарчай камісіі: можа, гэта акурат той вынік, які найбольш набліжаны да рэчаіснасці, а не 83% у кіраўніка краіны і 4,3% у Таццяны Караткевіч?
“У нашым мікрараёне такі адсотак атрымаўся таму, што жанчын шмат у параўнанні з мужчынамі галасавала, а жанчыны, магчыма, жадалі б бачыць жанчыну ва ўладзе. Усё залежыць ад таго, дзе размешчаны выбарчы ўчастак — нават у межах аднаго маленькага горада. Там, дзе прыватны сектар і жыхары пенсійнага ўзросту, — яны адназначна за Лукашэнку галасавалі — там ніякага “раскідвання” і быць не магло. Калі браць шырэй, то менталітэт жыхароў Віцебскай і Магілёўскай абласцей зусім не такі, як у нас. Там Караткевіч і не магла разлічваць хоць на нейкі адсотак. І адсоткі, якія яна там атрымала, рэальныя”.
І яшчэ інфармацыя ад назіральнікаў: на ўчастку №4 у Маладзечне за Таццяну Караткевіч прагаласавала 30,3% выбаршчыкаў, за Аляксандра Лукашэнку — 54,3%. На ўчастку №7 у Смаргоні за Караткевіч — 29,6%, за Лукашэнку — 58,9%.
Фота: Змітра Лукашука, http://spring96.org/