Ціханоўская дамовілася з Microsoft аб падтрымцы незалежных медыя і НДА

Святлана Ціханоўская 

Святлана Ціханоўская  / @tsikhanouskaya

Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Нью-Ёрку з віцэ-прэзідэнтам карпарацыі Microsoft Тэрэзай Хатсан. Падчас гэтай сустрэчы была дасягнутая дамоўленасць, што Microsoft працягне падтрымліваць беларускія незалежныя медыя і няўрадавыя арганізацыі, паведамляе рэсурс "Позірк" са спасылкай на галоўнага дарадцу Ціханоўскай Франака Вячорку.

"Ціханоўская падзякавала Microsoft за падтрымку беларускіх медыя і НДА пасля 2020 года і дамовіліся, што кампанія будзе працягваць сваю праграму па Беларусі", — расказаў Вячорка. Гаворка ідзе пра бясплатныя або ільготныя падпіскі на сэрвісы Microsoft Office, воблачныя сэрвісы, а таксама пра юрыдычныя кансультацыі ад кампаніі для медыя і НДА, якія пацярпелі ад рэпрэсій беларускага рэжыму. Microsoft таксама распрацавала сістэму абыходу блакавання "экстрэмісцкіх" медыя ў Беларусі.

У Нью-Ёрку Святлана Ціханоўская таксама прыняла ўдзел у дыскусіі аб штучным інтэлекце, і тым, "як тэхналагічныя кампаніі і штучны інтэлект могуць дапамагаць людзям падчас крызісаў". Дыскусія была арганізаваная ў ААН офісам Microsoft.

Ціханоўская прыбыла ў Нью-Ёрк для ўдзелу ў Генасамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Напярэдадні адкрыцця саміту яна расказала, што прыехала на гэтую сустрэчу, "каб адстойваць інтарэсы беларусаў". Яна мае намер казаць пра палітвязняў, пра пагрозу незалежнасці, звязанай са знаходжаннем на тэрыторыі РБ расійскіх войскаў і ядзернай зброі, аб прыцягненні да адказнасці памагатых рэжыму, якія захапілі і незаконна ўтрымліваюць уладу, а таксама "аб новых пашпартах — беларусы павінны мець магчымасць легальна знаходзіцца і працаваць у іншых краінах". Рэжым Лукашэнкі на пасяджэнні Генасамблеі ААН будзе прадстаўляць міністр замежных спраў Сяргей Алейнік.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі