Ціханоўская просіць Чэхію дапамагчы беларусам, у якіх заканчваецца пашпарт
Ян Ліпаўскі і Святлана Ціханоўская
Святлана Ціханоўская ў Вільні сустрэлася міністрам замежных справаў Чэхіі Янам Ліпаўскім.
Яна падзякавала МЗС Чэхіі за візавую праграму "Грамадзянская супольнасць" і дапамогу былым палітвязням, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай. Лідарка беларускіх дэмсілаў згадала, што некалькі беларусаў атрымалі ад Чэхіі міжнародную абарону і ўрадавыя стыпендыі. Ян Ліпаўскі паведаміў, што на 2024-2025 год Чэхія вылучыла яшчэ пяць урадавых стыпендый для беларусаў.
Падчас сустрэчы абмяркоўваліся і праблемы беларусаў, якія апынуліся ў эміграцыі. Ціханоўская заклікала чэшскія ўлады зрабіць для беларусаў выключэнні з закона аб візавых абмежаваннях. Гэтыя меры павінны дапамагчы беларускім студэнтам і сваякам тых, хто не можа ўбачыцца з сям’ёй праз пераслед у Беларусі.
Таксама беларускі палітык згадала пытанне аўтаматызацыі працэсу выдачы праязных дакументаў і пашпартоў замежніка. Яна прапанавала Чэхіі падрыхтаваць адмысловую інструкцыю, якая б дапамагла беларусам, якія не могуць атрымаць новы пашпарт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.