Cустаршыню БХД Георгія Дзмітрука вызвалілі з міліцыі (абноўлена)
У 17.30 ён пакінуў Ленінскі РУУС Брэста.
Аднак у пастарунку нейкі час заставаўся Зміцер Шурхай — каардынатар БХД па Брэстчыне. Са словаў праваабаронцы Рамана Кісляка, да маладога чалавека прыйшоў яго ўчастковы інспектар, каб "узгадаць нейкія старыя справы". Вызвалілі Шурхая каля 18.20.
Нагадаем, што актывістаў аргкамітэта партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" Георгія Дзмітрука і Змітра Шурхая затрымалі 25 сакавіка ў Брэсце. Адбылося гэта каля 13-й гадзіны пасля сустрэчы з генеральным консулам Украіны ў Брэсце.
Аўтамабіль спынілі на выездзе з гораду. Актывісты ехалі ў Мінск для ўдзелу ў святкаванні Дня Волі. Спачатку супрацоўнікі ДАІ заявілі ім, што іх машыны лічыцца ва ўгоне. А ўжо ў пастарунку актывістам паведамілі, што іх падазраюць у захоўванні наркотыкаў. У машыне "Таёта Камры", якая належыць Дзмітруку, праводзіўся дагляд. Па словах Рамана Кісляка, з машыны канфіскавалі нейкія друкаваныя матэрыялы.
Фота Дзмітрука — bchd.info