Дачку затрыманай керамісткі могуць адправіць у дзіцячы дом
Кераміст Наталля Карнеева / асабісты архіў
10-гадовая Багдана — дачка затрыманай у жніўні керамісткі Наталлі Карнеевай — знаходзіцца ў прытулку. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру "Вясна", у родных дзяўчынкі пакуль не атрымліваецца аформіць над ёй апеку.
Вядома, што гэта спрабуюць зрабіць трое сваякоў. Але ніхто з іх цалкам не адпавядае крытэрам, устаноўленым дзяржавай (крэўнае сваяцтва, свая жылплошча, "метры" для дзяўчынкі, даведка аб заробку за апошнія шэсць месяцаў).
Пакуль дзіця знаходзіцца ў "Сацыяльна-педагагічным цэнтры з прытулкам Завадскога раёна Мінска". Сваякам забараняюць забіраць яе на выхадныя — можна толькі адведаць увечары з 17 да 19 гадзін па спецыяльным дазволе. Калі блізкія дзяўчынкі не змогуць аформіць на сябе апякунства, праз тры-чатыры месяцы яна трапіць у дзіцячы дом.
На днях з турмы адпусцілі мужа Наталлі Карнеевай, але на сітуацыю гэта ніяк не паўплывае, паколькі Багдана — не яго дачка.
Наталлю Карнееву затрымалі 19 жніўня. Вядома, што ёй ставяць у віну ўдзел у пратэстах 2020 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.