ДАІ патлумачыла, што не так з “расіянінам” на таніраваным аўто
Гродзенская ДАІ пракаментавала ролік з “расіянінам”, які не хацеў плаціць штраф за таніроўку свайго аўто і доўга сварыўся з лідскімі інспектарамі. 15-хвіліннае відэа, размешчанае на YouTube, цяпер актыўна абмяркоўваецца ў сеціве.
Паводле інфармацыі ДАІ, герой гэтага роліка — жыхар Ліды, а не расіянін. Ён спасылаецца на тэхрэгламент Мытнага саюза “Аб бяспецы колавых транспартных сродкаў”, які нібыта дазваляе выкарыстанне плёнкавых пакрыццяў на шкле аўтамабіля. Але ж тэхрэгламент вызначае адсотак дапушчальнай светлапрапускальнасці, а плёнкавае пакрыццё па-ранейшаму незаконнае.
Кіроўца настойваў на тым, што набыў такі аўтамабіль у Расіі ў аўтасалоне, аднак у ДАІ звяртаюць увагу, што нанясенне плёнкі было зробленае ў дылерскім салоне, а не заводам-вытворцам.
Таксама ў ДАІ адзначаюць, што менавіта гэтага кіроўцу летась штрафавалі за язду на “таніраваным” аўтамабілі і тады ён аплаціў штраф на месцы.