Даклад ЗША аб правах чалавека ў Беларусі: катаванні і міграцыйны крызіс
Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША апублікаваў штогадовы даклад па правах чалавека ў свеце ў 2021 годзе.
У частцы дакладу, прысвечанай Беларусі, гаворыцца, што сілавыя структуры "агрэсіўна, наўмысна і рэгулярна здзяйсняюць злоўжыванні для задушэння палітычнага іншадумства і рэпрэсій у дачыненні да праваабаронцаў, актывістаў грамадзянскай супольнасці, журналістаў і іншых асоб".
Таксама ў справаздачы адзначаны і міграцыйны крызіс, арганізаваны беларускімі ўладамі на межах з Польшчай, Літвой і Латвіяй. У Дзярждэпе падкрэсліваюць, што афіцыйны Мінск спецыяльна арганізаваў уезд у краіну тысяч мігрантаў.
Беларусь названая аўтарытарнай дзяржавай, дзе ўся ўлада сканцэнтраваная ў прэзідэнцкай пасадзе. "З 1994 года Аляксандр Лукашэнка замацаваў сваю ўладу над усімі інстытутамі і падарваў вяршэнства закона аўтарытарнымі сродкамі, у тым ліку маніпуляванымі выбарамі і адвольнымі дэкрэтамі. Усе выбары пасьля 1994 года, уключаючы прэзідэнцкія выбары ў жніўні 2020 года і выбары ў Нацыянальны сход 2019 года, не лічыліся свабоднымі і справядлівымі", — гаворыцца ў дакладзе.
Сярод іншага ў дакуменце згадваюцца наступныя праблемы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі:
катаванні ў месцах зняволення і выпадкі жорсткага абыходжання;
цяжкія і небяспечныя для жыцця ўмовы ўтрымання ў турмах;
адвольныя арышты і затрыманні;
палітычна матываваныя рэпрэсіі;
сур’ёзныя праблемы з незалежнасьцю судовай сістэмы;
адвольнае ці незаконнае ўмяшанне ў прыватнае жыццё;
сурʼёзныя абмежаванні свабоды слова, СМІ і інтэрнэту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.