Дакументы ў лесе і паказанні ахвяр: названы датычныя да трансферу мігрантаў
Маджыд Аль-Кайсі, ганаровы консул і "праслаўляльнік Лукашэнкі" / калаж Улада Рубанава
На трансферы мігрантаў праз Беларусь зарабляе ганаровы консул і заўзяты прыхільнік Аляксандра Лукашэнкі Маджыд Аль-Кайсі, расказваюць у гучным расследаванні, якое нядаўна выйшла, рэпарцёры рэсурсу FRONTSTORY.pl.
З артыкула вынікае, што набліжаны да беларускага рэжыму Аль-Кайсі, кіраўнік сеткі турыстычных кампаній, зусім не возіць "турыстаў" з Блізкага Усходу па музеях і на паляванне ў беларускія лясы. "Турфірмы" бізнесмена атрымліваюць ад нелегалаў "велізарныя сумы за незаконнае перасячэнне мяжы", а грошы пры гэтым могуць асядаць на рахунках беларускіх дзяржпрадпрыемстваў. Падрабязнае расследаванне шэрай схемы рэпарцёры падмацоўваюць дакументамі і гісторыямі "ахвяр Аль-Кайсі".
Зніклыя "турысты"
Пачынаецца расследаванне з кучы папер, знойдзеных валанцёрамі на "кантрабанднай дарозе", якая вядзе з Белавежскай пушчы ў польскую Гайнаўку. У дакументах — хутчэй за ўсё, у спешцы згубленых нелегаламі — змяшчаюцца звесткі пра некалькі дзясяткаў "гасцей з Блізкага Усходу", якія скарысталіся паслугамі "турфірмы" для перасячэння мяжы. Там пазначаны спісы пасажыраў сірыйскіх авіяліній, бронь на рэйсы з Бейрута і Дамаска ў Мінск, спіс гасцей гатэля.
Акрамя таго, ёсць дамова паміж арабскім пасярэднікам і беларускім турагенцтвам, якое прапануе 58 "турыстам" адпачыць у Мінску. Следчыя задаюцца пытаннем: калі гаворка ідзе пра строга распланаваную паездку, то як дакументы апынуліся на "кантрабанднай дарозе"? І куды з маршруту зніклі ўсе 58 "гасцей"?
Паляўнічыя паслугі ад... тытунёвай фабрыкі "Нёман"
У дакументах журналісты знаходзяць звесткі туркампаніі "Белір Груп". Так, яна належыць таму самаму Маджыду Аль-Кайсі. Сярод упушчаных папер таксама выяўляюць пагадненне на паляванне паміж "Белір Груп" і нейкім 32-гадовым сірыйцам Басэлем Касэмам Аль-Квэйдэрам. Паляванне павінна было адбыцца ў паляўнічай гаспадарцы "Нёман" і недалёка ад базы адпачынку "Белы лось". Абодва ўчасткі належаць тытунёвай фабрыцы "Нёман".
Журналісты называюць пазначаную ў дакументах цану за "сафары па беларускіх лясах" — 430 долараў ЗША, або прыкладна 1100 BYN з чалавека. Гэта значыць, што на рахунках "Нёмана" за гэты візіт магло асесці як мінімум 24 тысячы долараў.
Расследавальнікі звяртаюць увагу, што падстрэліць жывёлу — гэта ўжо зусім іншыя расцэнкі, згодна з прымацаваным да дакумента прэйскурантам трафеяў. Для замежніка забіць беларускую лань каштуе 2,3 тысячы долараў, пазбавіць жыцця аленя — $5000.
Вось толькі праверыць, ці на самай справе палявалі госці з Усходу, даволі складана. А гэта значыць, намякаюць у FRONTSTORY.pl, што кожны з "турыстаў" мог за трафеі, якіх не існуе, цалкам легальна пералічыць на рахунак "Белага лася" — а далей па ланцужку — тую суму, якая неабходна для перапраўкі "паляўнічых" па кантрабанднай дарозе.
Журналісты расказваюць пра астатнія дадаткі да дамовы, знойдзеныя ў лесе. З гэтых папер вынікае, што "тургрупа" павінна была 14 начэй прабыць у гатэлі "Беларусь". У культурную праграму ўваходзіла трохдзённае паляванне, паездка на "Лінію Сталіна", наведванне музея ВАВ і Музея старажытнабеларускай культуры.
Акрамя таго, госці павінны былі "пашопіцца" ў беларускіх крамах і наведаць аквапарк. "Як мы вызначылі, праграма тура — выдумка. Яго ўдзельнікаў неўзабаве пасля прыбыцця ў Мінск даставілі проста да польска-беларускай мяжы", — пішуць аўтары расследавання.
Пакусаная сабакамі ахвяра
Прашарсціўшы знойдзеныя дакументы, у якіх значыўся пералік гасцей беларускіх гатэляў і пасажыраў "мігранцкіх" рэйсаў, аўтары расследавання звязаліся з Раедам Ясерам Сраурам, удзельнікам — і адначасова ахвярай — меркаванай шэрай схемы. Тур у Еўропу скончыўся для 37-гадовага сірыйца лякарняй у польскай Гайнаўцы, у якую той, пакусаны сабакамі, трапіў пасля бадзянняў па лясах.
Мужчына пацвярджае: яго імя сапраўды ёсць у спісах пасажыраў і гасцей аднаго з гатэляў Мінска. "Я заплаціў пасярэдніку, каб ён прывёз мяне ў Беларусь, перавёз у Польшчу, а далей у Заходнюю Еўропу", — расказвае сірыец. Не адмаўляе ён і таго, што парэзы і ўкусы службовых сабак ён атрымаў у часе перасячэння мяжы. Гісторыя мужчыны пацвярджаецца дакументацыяй з польскай лякарні.
Усё з патурання беларускіх спецслужбаў?
Па словах Сірыйца, з трансферам у Еўропу яму дапамог нейкі курд Абу Джахія, якога нелегал ніколі не бачыў і звязваўся з ім толькі па WhatsApp. Цана за перакідку, афармленне папер і астатнія працэдуры агулам склала 7 тысяч долараў.
— Мы вылецелі 20 кастрычніка рэйсам Cham Wings з Бейрута ў Мінск. У аэрапорце нас чакаў прызначаны кантрабандыстам араб, — цытуюць расследавальнікі расказ нелегальнага мігранта. — Ён адвёз групу з 20-25 чалавек, уключаючы жанчын і дзяцей, у гатэль "Мінск" або "Беларусь". Мы правялі адну ноч у гатэлі. 21 кастрычніка нам загадалі сабрацца перад гатэлем. Там чакалі дзве машыны з беларускімі кіроўцамі. Нас сабралася восем чалавек, паездка заняла чатыры-пяць гадзін. Мы выйшлі ў лес. Кіроўцы паказалі, што трэба ісці наперад. Па тэлефоне нас накіроўваў Абу Джахія. Мы падышлі да мяжы, да месца, дзе сетка была перарэзаная. За мяжой павінна была чакаць машына, але мы не змаглі яе знайсці. Абу Джахія даваў нам інструкцыі па тэлефоне, але мы блукалі тры дні. Нарэшце мы выйшлі на вялікую дарогу.
Далей мігрант расказвае пра польскіх сілавікоў, якія падаспелі і спынілі "тургрупу" і нібыта нацкавалі на яе сабак. Праз гэты інцыдэнт, па словах сірыйца, яго і даставілі ў лякарню ў Гайнаўцы.
Аляксандр Лукашэнка патрабаваў "факты на стол" пра тое, што беларускі рэжым датычны да трансферу мігрантаў. Маўляў, ніякага дачынення дзяржорганы да нелегальнага транзіту не маюць, гэтым займаюцца грамадзяне іншых дзяржаў.
Аднак, калі абапірацца на факты, пададзеныя рэсурсам FRONTSTORY.pl, цяжка ўявіць, як настолькі адладжаны працэс — як мінімум па незаконным перасячэнні мяжы — мог застацца без належнай увагі з боку беларускіх спецслужбаў.
Азнаёміцца з поўнай версіяй расследавання можна па гэтай спасылцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.