Данілаў: заява Лукашэнкі пра ўдар ракетай з Украіны — поўная лухта

Данілаў: заява Лукашэнкі пра ўдар ракетай з Украіны — поўная лухта

Заява Лукашэнкі пра ўдар па Беларусі ракетай "Кропка У" — гэта поўная лухта. Так ахарактаразываў яе сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны (РНБА) Украіны Аляксей Данілаў

"Мы цывілізаваная нацыя, мы не забіваем дзяцей і жанчын, а абараняем сваю зямлю", — падкрэсліў ён. 

Як распавядала Еўрарадыё, пра ракетны ўдар сёння заявіў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, інцыдэнт адбыўся два дні таму дзесьці каля Прыпяці. Ніякіх доказаў сваіх словаў кіраўнік Беларусі не прывёў.

Таксама Данілаў выказаўся пра беларускае войска. Па яго словах, Украіна мае звесткі, што "пераважная большасць беларускіх вайскоўцаў адмаўляюцца ўступаць у вайну на баку рашыстаў. Беларусы бачаць, што сёння дух нашага войска, нашага грамадства, — велізарны. Акрамя таго, яны бачаць, колькі трупаў расейцаў і параненых прывозяць з Украіны".

Сакратар РНБА мяркуе, што Украіне трэба заключыць новы абарончы саюз. Саюзніцай павінна стаць дзяржава, якая валодае ядзернай зброяй: сёння гэта Вялікабрытанія.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі