Данкверт спрабуе разабрацца з беларускім малаком, якое прывозяць у Расію
"Пытанне ўкаранення поўнага ланцужка прасочвальнасці прадукцыі" / Ілюстрацыйнае фота sb.by
Кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт спрабуе разабрацца з беларускім малаком, якое прывозяць у Расію. Пра гэта ён заявіў на пленарнай сесіі IX Міжнароднага малочнага бізнес-форуму ЕАЭС.
Данкверт спыніўся на неабходнасці "больш дбайнага нагляду" за малаком з Рэспублікі Беларусь. "У выніку структурных змяненняў значнай колькасці перапрацоўчых прадпрыемстваў у цяперашні час у рэспубліцы адсутнічае інфармацыя аб прадукцыі пры перамяшчэнні паміж кампаніямі ўнутры холдынгаў, — казаў ён. — Рассельгаснагляд на сустрэчах з беларускімі калегамі рэгулярна падымае пытанне ўкаранення поўнага ланцужка прасочвальнасці прадукцыі, якая давала б разуменне аб'ёмаў вытворчасці малака ў рэспубліцы і тых тавараў, якія адгружаюцца ў Расію".
Сяргей Данкверт у 2017-м стаў галоўнай асобай "прадуктовай вайны" паміж Беларуссю і Расіяй. Аляксандр Лукашэнка тады даручыў пачаць на яго крымінальную справу за тое, што кіраўнік Рассельгаснагляду перашкаджае пастаўкам прадуктаў з РБ у РФ. Толькі дабрацца да Данкверта беларускія сілавікі не змаглі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.