"Дата генератар": 19 верасня 1991 года — Дзень “Пагоні” і нацыянальнага сцяга

"Дата генератар": 19 верасня 1991 года — Дзень “Пагоні” і нацыянальнага сцяга

19 верасня 1991 года дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР прынялі новую назву краіны — Рэспубліка Беларусь. І ў той самы дзень яны зацвердзілі і новыя дзяржаўныя сімвалы — герб “Пагоню” і бел-чырвона-белы сцяг.

Насамрэч гэтыя сімвалы былі не новыя, а гістарычныя. Герб “Пагоня” з’яўляўся гербом Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага ды іншых на працягу больш чым 350 гадоў, з часоў вялікага князя Віценя і да 1795-га. Бел-чырвона-белы сцяг увесну 1917 года намаляваў Клаўдзі Дуж-Душэўскі, а ўжо ў снежні таго ж года дэлегаты Першага Усебеларускага з’езду прызналі яго нацыянальным флагам беларускага народа. Новую выяву “Пагоні”, якая крыху адрозніваецца дэталямі ад старыжытных выяў, намаляваў мастак Яўген Кулік. 

І вось бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня” 19 верасня 1991-га на 3 гады і 8 месяцаў атрымалі статус дзяржаўных сімвалаў.

Хто быў тады супраць? Дэпутат Аляксандр Лукашэнка! Здаецца, вы ўсе ведаеце яго. Заняўшы пасаду прэзідэнта, ён рэферэндумам 14 мая 1995 года дамогся адмены пастановы верасня 1991 года. Прапаганда з актыўным удзелам расійскіх СМІ прывяла да таго, што большасць насельніцтва прагаласавала за чырвона-зялёны сцяг і цяперашні герб.

Што датычыцца апошняга, дык тое герб былой БССР, на якім замест выявы сярпа з молатам і зямного шара змешчаны абрыс меж Беларусі і з якога знік лозунг “Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!”. А афіцыйны флаг нашай краіны цяпер вельмі падобны на флаг Малагасійскай Рэспублікі (таксама чырвона-зялёны з белай паласой з левага боку), што знаходзіцца на выспе Мадагаскар і чыё насельніцтва складаецца з чарнаскурых тубыльцаў.  

Праз дзень пасля рэферэндуму загадчык справамі адміністрацыі прэзідэнта Іван Ціцянкоў падняўся на дах Дома ўрада, зняў бел-чырвона-белы сцяг,  парваў яго на шматкі, паставіў на іх свае аўтографы і раздаў знаёмым.

Падзея, што адбылася, надта ўзрадавала ўлады і грамадства Летувы, бо яны былі вельмі засмучаныя прэтэнзіямі нацыянальна арыентаванай часткі беларускага грамадства на спадчыну ВКЛ. Яны нават выдумалі для “Пагоні” ўласную назву “Віцыс” (Віцязь), якой насамрэч у старажытнасці не існавала. У гербоўніках пісалі: “Пагоня — тое рыцар у срэбным полі на кані і з мячом у правай руцэ”.

Іхнім сапраўдным гербом быў “Локіс” (Мядзведзь) — адметны знак староства Жамойцкага. У 1938 годзе летувісы збіраліся разглядаць пытанне аб вяртанні да свайго традыцыйнага герба. Але справа ішла да вайны, хутка зрабілася не да гербаў.      

А мы, беларусы, пасёння жывём з былым савецкім гербом, які не мае ніякага апірышча ў традыцыях нашага народа, і з флагам Мадагаскара — дзяржава дамаглася незалежнасці на 31 год раней за Рэспубліку Беларусь (у чэрвені 1960-га).

І сумна, і смешна, і сапраўды сімвалічна!   

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі