"Дата генератар": 27 студзеня — перамога на Уле
Паслам вялікага князя Жыгімонта II Аўгуста, якія пад канец 1563 г. ізноў прыехалі ў Маскву, каб падпісаць замірэнне, Іван ІV паставіў невыканальную ўмову — аддаць яму назаўсёды і Полацкую зямлю, і Інфлянты.
Між тым падчас перамоў маскоўскія войскі ўжо збіраліся ў новы паход. Іван IV загадаў свайму намесніку ў Полацку князю Пятру Шуйскаму і братам-князям Сярэбраным у Смаленску аб’яднаць свае войскі каля Оршы і адтуль, выпальваючы вёскі, ісці на Менск і Наваградак.
У студзені 1564 г. Шуйскі выступіў з Полацка. Ягоныя ваяры ішлі быццам па сваёй зямлі, дазоры наперад не пасылалі, зброю і даспехі вязлі на санях.
Даведаўшыся пра гэта, найвышэйшы гетман Мікалай Радзівіл Руды, які стаяў пад Лукомлем, узяў з сабою найлепшых вершнікаў і 26 ці 27 студзеня 1564 г. на беразе Улы, каля вёскі Іванск (непадалёк ад Чашнікаў), раптоўна ўдарыў па ворагу. Ягоныя вершнікі знянацку вылецелі з лесу ўздоўж дарогі, па якой расцягнуліся тысячы саней маскоўцаў. Тыя ледзь паспелі схапіць зброю, а надзець даспехі і стаць у шыхты ўжо не было ні часу, ні месца. Сеча доўжылася пяць гадзін, пад вечар маскоўцы пабеглі. Ваяры Радзівіла да глыбокай ночы ў месяцавым святле пераследавалі захопнікаў. Радзівілу дапамагалі тамтэйшыя жыхары. Між іншым, сяляне з вёскі Іванск схапілі ваяводу Шуйскага, знялі з яго багатую вопратку і голага ўтапілі ў сажалцы.
У палон трапілі 12 ваявод: князі Адоеўскі, Захар’ін-Юр’еў, Палецкі і Празароўскі, баяры Ахлябнін, Нараваты, Пляшчэеў-Очын ды іншыя.
Колькі было у Шуйскага ваяроў, дакладна невядома. Традыцыйна пішуць, што 16 тысяч, аднак гэта значнае перабольшванне. Вы толькі ўявіце сабе 3 тысячы саней, якія быццам захапілі пераможцы: даўжыня каня — 2 метры ды саней 2 метры, разам 4. Памножым на 3 тысячы захопленых і атрымаем калону даўжынёй 12 кіламетраў. А трэба дадаць яшчэ столькі ж, бо палова маскоўцаў здолела ўцячы, зразумела, што на санях, а не пешкі па глыбокім снезе!
Таму я лічу, што было іх не 16 тысяч, а не больш за 8. Магчыма, што палова сапраўды загінула. Няўжо 4 тысячы мёртвых мужчын гэта мала?! Храніст Мацей Стрыйкоўскі сведчыў, што мноства чалавечых касцей на месцы бітвы можна было ўбачыць яшчэ і праз 20 гадоў.
У гэты час войска братоў Сярэбраных, якое ішло да Оршы са Смаленска, паліла ўсе сустрэчныя вёскі, рабавала і забівала іх жыхароў. Насустрач ім выйшла літоўскае войска на чале з князем Філонам Кмітам-Чарнабыльскім. Хутка пачаліся сутыкненні авангардных харугваў. Аднак 9 лютага, даведаўшыся пра разгром Шуйскага, браты-ваяводы павярнулі сваіх ваяроў на зваротную дарогу ў Смаленск.
Паход маскоўцаў на Вільню і Наваградак быў сарваны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.