Дэпутат: 150 метраў па сустрэчнай паласе. Панясу пакаранне, што ж рабіць

Дэпутат: 150 метраў па сустрэчнай паласе. Панясу пакаранне, што ж рабіць

На Youtube з'явілася відэа, на якім бачна, як асабістая машына дэпутата Мінскага абласнога савета дэпутатаў Алега Суконкі едзе пад забараняльны знак па дарозе з аднабаковым рухам. Праезд яму перакрывае аўтар роліка. Дэпутат аблсавета, ён жа дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава, выходзіць з машыны і з абурэннем і нават пагрозамі патрабуе, каб яму далі праехаць. У выніку машыны раз'язджаюцца, а ролік, як і абяцаў яго аўтар, з'яўляецца ў інтэрнэце.

Еўрарадыё датэлефанавалася да Алега Суконкі, які распавёў, чаму вырашыў парушыць правілы дарожнага руху і ці баіцца ён пакарання.

Еўрарадыё: Ці сапраўды вы ехалі пад цагліну”, сітуацыя адпавядае рэчаіснасці?

Алег Суконка: Абсалютна ўсё было не так. Не ведаю, гэта нейкая правакацыя. Але нічога страшнага — хай пішуць. Мы ж сур’ёзныя людзі і павінныя займацца сур’ёзнай працай. А на нейкія камарыныя ўкусы — што мы будзем звяртаць увагу! Хай скаргу пішуць — будзем разбірацца. Не бачу тут ніякіх сур’ёзных…

Еўрарадыё: Дык было з вашага боку парушэнне правілаў ці не?

Дэпутат: 150 метраў па сустрэчнай паласе. Панясу пакаранне, што ж рабіць

Алег Суконка: Я ж усё патлумачыў таму чалавеку. Чалавек спецыяльна мяне падпёр, я выконваў, як кажуць, свае абавязкі… Сапраўды, я ехаў па сустрэчнай паласе, але яму патлумачыў, што я прыехаў сюды паглядзець, па-іншаму ніяк пад’ехаць не магу. Бо я быў ініцыятарам тых зменаў, якія робяцца ў Бараўлянах сёння. Я гэта ўсё кантралюю. І таму прыехаў пасля адпачынку паглядзець. Выйшаў… А ён спецыяльна падпёр мяне, каб справакаваць гэтую сітуацыю. Ну што тут такога страшнага? Не ведаю, гэта людзі, цалкам далёкія ад рэчаіснасці, ад таго, як краіна жыве — толькі б скампраметаваць паважаных людзей.

Еўрарадыё: Чалавек прынцыповы трапіўся. І па якіх бы вы справах ні ехалі — правілы дарожнага руху трэба выконваць.

Алег Суконка: Яшчэ раз кажу: ніводнага чалавека там не было, мне трэба было праехаць да школы. Але ён спецыяльна мяне падпёр, справакаваў сітуацыю і выклаў у інтэрнэт. Я не буду на гэта звяртаць увагі! Маёй працы гэта не перашкаджае. Хай скаргу пішуць — што тут такога. Хай правы адбіраюць. Што гэта на рэпутацыю маю ўплывае ці што?! Усе мяне ведаюць ў Бараўлянах, а я, дарэчы, не ведаю, што гэта за чалавек такі быў.

Дэпутат: 150 метраў па сустрэчнай паласе. Панясу пакаранне, што ж рабіць

Вось, што распавядае Еўрарадыё сам аўтар роліка Аляксандр:

"Усё адбылося раніцай у пятніцу. На рэгістратары ўсё дакладна. Ехала "Вольва". Я спыніўся. Ён тузануўся наперад, потым назад. Пачаў мне махаць рукой — стой. Я спыніўся, адкрыў акно. А далей пачаліся пагрозы, потым пачаў пасведчаннем махаць — я дэпутат. На калені я перад ім не ўпаў пра гэтае пасведчанне. Мне ўсё роўна, дэпутат ён ці хто. Выконвай правілы, ездзі правільна. Пакуль праблем не было. Відэа я адправіў на #перахоп (сайт, куды можна скідаць фота і відэа з парушэннямі ПДР — Еўрарадыё), але яго там не апублікавалі. Днямі панясу заяву на яго дзеянні. А далей будзем глядзець, што выйдзе і каго пачнуць вінаваціць".

Аляксандр кажа, што такіх выпадкаў на гэтай дарозе шмат

Еўрарадыё: Ці звярталіся да вас ужо супрацоўнікі ДАІ з гэтай нагоды?

Алег Суконка: Не. Але ж я так разумею, што ён напіша скаргу на мяне. ДАІ будзе разбірацца. Тады і падключымся: я сваіх юрыстаў дам. Будзем займацца, адбівацца будзем. Я чалавек прынцыповы, хабар не бяру — працую выключна ў інтарэсах дзяржавы і цяжкіх ракавых хворых. Ну, хай дыскрэдытуе мяне! Мне гэта абыякава, бо людзей судзяць па іх справах. Я да кіраўніка дзяржавы дайшоў, каб у Бараўлянах былі ўсе гэтыя змены. Таму я павінен сачыць тут за сітуацыяй. Ну і што, што я паехаў пад знак — ніводнага чалавека там не было, 150 метраў па сустрэчнай паласе. Панясу пакаранне за гэта, што ж рабіць. 

Еўрарадыё: Гатовыя да таго, што правоў пазбавяць?

Алег Суконка: Ну і халера з ім! Але не думаю, што пазбавяць правоў — я не стварыў ніякай аварыйнай сітуацыі. Дадуць штраф. 

Еўрарадыё: Але ці можна парушаць, калі вельмі трэба? 

Алег Суконка: Я заўжды езджу па правілах. Але ў дадзенай сітуацыі ніводнага чалавека не было, мне трэба было паглядзець, як ідуць будаўнічыя працы каля школы. Я паехаў, калі нікога няма. Але ж ён спецыяльна, як мяне ўбачыў, пачаў газаваць і мяне падпіраць — чаго ж я выйшаў? Кажу: “Навошта вы гэта робіце? Я заеду сюды — я вам што, перашкаджаю ці што?” Я мірна з ім спрабаваў, ён правакаваў.

Фота: uroweb.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі