Докшыцкага чыноўніка знялі з выбараў, бо сына знайшлі ў базе "Беспарадкі"
Дзмітрый Парцянка
У райсавет у Докшыцах балатаваўся начальнік райаддзела адукацыі Дзмітрый Парцянка. Ён ішоў як кандыдат ад улады, але не прайшоў праверкі спецслужбамі, піша "Наша Ніва".
Сілавікі выявілі, што сына Парцянкі затрымлівалі па палітычным артыкуле. У 2020-м на яго склалі адміністрацыйны пратакол за ўдзел у пратэстах. Тое, што Парцянка-малодшы знаходзіцца ў базе "Беспарадкі", "Нашай Ніве" пацвердзілі ўдзельнікі BELPOL.
У выніку чыноўніка не толькі знялі з "выбараў", прымусіўшы напісаць заяву аб самаадводзе, але і звольнілі з працы.
Саперніцай Дзмітрыя Парцянкі за месца ў райсавеце была Данута Лявоха — начальніца цэнтра сацыяльнага абслугоўвання. Цяпер на акрузе засталася толькі адна кандыдатура.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.