Долараў у абменніках не хапае, але людзі пачалі здаваць

Долараў у абменніках па-ранейшаму не хапае. Але як толькі курс памяняўся, з'явіліся ахвочыя здаць валюту.

У абменніку Белінвестбанка ў ЦУМе абед да 13 гадзінаў. Але чарга пачынае збірацца яшчэ ў абедзенны час. Курс долара яшчэ 14620, а еўра 17300. Але бліжэй да канца абеду касірка мяняе курсы. Долар цяпер па 15310, а еўра каштуе 18065 рублёў. Адразу пасля гэтага адзін чалавек сыходзіць.

Да 13-й гадзіны чарга ў ГУМе збіраецца даволі вялікая — каля 15 чалавек стаіць, каб набыць валюту, але з'явіліся ахвочыя здаць, іх чалавек 6-7. Першая жанчына здае 200 долараў, якія адразу ж купляюць. За ёй маладая дзяўчына здае 54 долары, пасля мужчына 240 еўра. І яму даюць рэшту з 300!

Але калі карэспандэнт Еўрарадыё цікавіцца, колькі еўра ёсць, касірка адказвае, што мае толькі 240, а не 300, якія здаў мужчына.

Далей па чарзе праз аднаго людзі спачатку здаюць валюту, за імі адразу набываюць. Тых, хто набывае, вялікая чарга, ахвочых здаць прапускаюць без чаргі.

У абменніку Дэльтабанка на Маркса таксама нехта здаў 400 долараў, за імі адразу ж стала ў чаргу некалькі чалавек. У іншых абменніках у цэнтры валюты няма. Бо ніхто не здае.

Банкі па-ранейшаму прадаюць роўна тое, што ім здаюць людзі. Пакуль колькасць ахвочых здаць валюту павялічылася, але ахвочых набыць усё адно больш.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі