Допінг-скандал: WADA абвінаваціла яшчэ 1000 расійскіх атлетаў
Больш за тысячу расійскіх спартоўцаў удзельнічалі ў маніпуляцыях з допінг-пробамі ў 2011-2015 гадах. Пра гэта паведаміў кіраўнік незалежнай камісіі Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) Рычард Макларэн, які прадставіў другую частку дакладу пра допінг у Расіі.
Камісія заяўляе, што пацвердзілася сістэмнае ўжыванне допінгу ў Расіі, перадае РБК. У прыватнасці, гаворка ідзе пра метад "знікаючых пробаў", які выкарыстоўваўся практычна ва ўсіх відах спорту — як зімовых, так і летніх. Даклад грунтуецца на паказаннях сведкаў, базах даных, а таксама электронных лістах.
Гэтая методыка, як адзначаецца ў дакладзе, была вельмі эфектыўнай і дазваляла расійскім спартоўцам ужываць допінг падчас спаборніцтваў. У Расіі ёй карысталіся чатыры гады з 2011-га, пакуль не была адкліканая акрэдытацыя ў РУСАДА.