Двое дзяцей загінулі на пажары, пакуль бацька быў на рыбалцы
На пажары ў пасёлку Лясны Мінскага раёна загінулі двое малых дзяцей, паведамляе прэс-служба МНС.
Паведамленне пра пажар у пакоі на пятым паверсе пяціпавярховага інтэрната ратавальнікі атрымалі 26 ліпеня ў 23.37. На месцы выкліку супрацоўнікі МНС пабачылі, што з акна ідзе дым.
З пакоя ратавальнікі вынеслі двух непрытомных дзяцей — чатырох і сямі гадоў. Іх перадалі брыгадзе хуткай меддапамогі. Лекары спрабавалі рэанімаваць дзяцей, але вымушаныя былі канстатаваць іх смерць.
Паведамляецца, што на момант здарэння брат з сястрой былі дома адны. Дзеці жылі разам з бацькам. Паводле папярэдняй інфармацыі, у гэтую ноч ён быў на рыбалцы.
Агонь знішчыў ложак, пашкодзіў аздабленне сцен і шыбу ў пакоі, ад яго закураныя маёмасць і аздабленне сцен блока.
Прычына пажару высвятляецца.
На месца здарэння выехалі работнікі МНС, РАУС, Следчага камітэта.