DW: ЕС можа прыняць пяты пакет санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі ў лістападзе
Пяты пакет санкцый супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі Еўрасаюз можа прыняць у лістападзе. Пра гэта журналістам DW распавёў высокапастаўлены чыноўнік ЕС. Па яго словах, праца над гэтым пакетам цяпер працягваецца.
Акрамя таго, у панядзелак, 18 кастрычніка, беларускую сітуацыю будуць абмяркоўваць кіраўнікі МЗС на сустрэчы ў Люксембургу. Галоўнай тэмай стане мігранцкая праблема.
Еўрасаюз ужо ўвёў чатыры пакеты санкцый супраць афіцыйнага Мінска. Цяпер у "чорным спісе" ЕС знаходзяцца 166 фізічных асоб, у тым ліку і сам Лукашэнка, а таксама 15 устаноў і прадпрыемстваў. Акрамя таго, пад эканамічныя санкцыі часткова трапіў імпарт калійных угнаенняў і нафтапрадуктаў з Беларусі.
Таксама стала вядома, што на саміце Усходняга партнёрства ў Бруселі 15 снежня Беларусь будзе прадстаўленая "пустым крэслам без сцяга". Прадстаўляць нашу краіну могуць быць запрошаныя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.