Дыпламатычны канфлікт Расіі і Вялікабрытаніі не адаб'ецца на візах для беларусаў

Дыпламатычны канфлікт Расіі і Вялікабрытаніі не адаб'ецца на візах для беларусаў

Дыпламатычны канфлікт паміж Расіяй і Вялікабрытаніяй не створыць нязручнасцяў для грамадзян Беларусі, якія хочуць атрымаць брытанскія візы. 

Раней пададзеныя беларусамі дакументы разглядаліся ў консульскім аддзеле брытанскай амбасады ў Маскве. Высылка вялікай колькасці брытанскіх дыпламатаў са сталіцы Расіі магла б ускладніць і запаволіць гэты працэс. 

Але ў амбасадзе Вялікабрытаніі ў Беларусі Еўрарадыё супакоілі: візы беларусам цяпер ставяць у Варшаве. "Гэта пачалося яшчэ да канфлікту. Падстаў для хваляванняў у беларусаў няма", — дадалі ў амбасадзе.

Некаторыя катэгорыі віз, напрыклад, візы на мэты адукацыі, разглядаюцца наўпрост у Вялікабрытаніі.
Адносіны паміж краінамі Захаду і Расіяй абвастрыліся пасля таго, як 4 сакавіка ў Лондане былі атручаныя былы расійскі разведчык Сяргей Скрыпаль і яго дачка.

Вялікабрытанія абвінаваціла Маскву ў датычнасці да інцыдэнту. З Лондана былі высланыя 23 супрацоўнікі расійскай дыпмісіі. У Маскве, зыходзячы з дыпламатычнага прынцыпу ўзаемнасці, далі люстэркавы адказ.
У знак салідарнасці з Вялікабрытаніяй выслаць расійскіх дыпламатаў вырашылі больш за 20 краін свету. Разам з тым, траціна краін Заходняй Еўропы не пайшла супраць Расіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі