Дырэктар "Белмедтэхнікі", у гаражы якога ляжалі $620 тысяч, асуджаны на 6,5 гады
Дырэктар прадпрыемства "Белмедтэхніка" Аляксандр Шарак за атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры асуджаны на 6,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, паведамляе TUT.by. Такое рашэнне 11 траўня вынес Мінскі гарадскі суд. Працэс праходзіў чатыры месяцы у закрытым рэжыме (яго ўвялі з-за таго, што агучваліся дакументы, якія маюць інфармацыю для абмежаванага распаўсюду ці тую, што ўтрымлівае камерцыйную таямніцу).
Пра выкрыццё маштабнай карупцыйнай схемы ў сферы аховы здароўя ў чэрвені 2018-га аб'явіў старшыня КДБ Валерый Вакульчык. Тады ж было паказана відэа з ператрусу ў гаражы Шарака. Там знайшлі больш за 620 тысяч долараў у эквіваленце. Паводле рашэння суда, са сродкаў, выяўленых у былога кіраўніка "Белмедтэхнікі" на карысць дзяржавы спагоняць 472 тысячы долараў і 75 тысяч еўра.
Па справе праходзілі шэсць чалавек. Трое з іх — прадстаўнікі бізнесу, якія давалі хабары. Шарак, а таксама былы дырэктар "Медысферы" Барыс Ранчыўскі заключылі дасудовыя пагадненні. Апошні атрымаў два гады абмежавання волі без накіравання ў калонію. Начальнік аддзела рэалізацыі "Белмедтэхнікі" Кірыл Кастрыцкі атрымаў 3 гады пазбаўлення волі (да суда ён быў пад хатнім арыштам), бізнесмены Яўген Волкаў — 2,5 гады абмежавання волі, Ілля Карповіч — 6 гадоў пазбаўлення волі і Аляксандр Юсаў — 2 гады абмежавання волі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.