Дзе беларускія лёгкаатлеты рыхтуюцца да Алімпіяды

Дзе беларускія лёгкаатлеты рыхтуюцца да Алімпіяды

У чацвер 14 ліпеня пачалася цэнтралізаваная падрыхтоўка лёгкаатлетычнай зборнай Беларусі да Алімпіяды ў Рыо-дэ-Жанейра.

Чатыры гады таму перад Гульнямі ў Лондане спартсмены скардзіліся на ўмовы падрыхтоўкі. То фармакалогіі не хапала, то ў сектарах для кідання снарадаў вышчэрбліваўся бетон… Сёлета пра такія скаргі не чуваць.

“У Стайках рэканструяваны сектары для кідання дыска, дзіды і молата. Таксама гатовы сектар для трайнога скачку. Зрабілі і бегавыя дарожкі, якія цягам трох апошніх алімпійскіх цыклаў не аднаўляліся, — апісвае Ігар Сівадзедаў, галоўны трэнер нацыянальнай лёгкаатлетычнай зборнай. — Раней многія спартсмены скардзіліся: хочам трэніравацца ў Стайках, але баімся атрымаць траўмы на “забітых” дарожках. Цяпер праблема вырашаная”.

Праўда, бяды ў нашым алімпійскім комплексе 13 ліпеня нарабіла навальніца. Паваліла не толькі дрэвы, а і сектары для доўгіх кідкоў, дзе павінны рыхтавацца алімпійцы. Аднак сектары адновяць цягам некалькіх дзён.

Ігар Сівадзедаў кажа, што лёгкаатлеты перад Гульнямі-2016 атрымліваюць усю неабходную фармакалогію і забяспечаныя харчаваннем. На ежу траціцца каля 37 беларускіх рублёў (370 тысяч недэнамінаваных) у суткі.

У Стайках ёсць і медыцынскі цэнтр, які дапамагае ўзнаўляцца атлетам пасля цяжкіх трэніровак. Карацей, на думку трэнерскага штаба, для лёгкаатлетаў створаныя ўсе належныя ўмовы, таму асноўны склад каманды рыхтуецца да Рыо ў Стайках, а не за мяжой.

Дзе беларускія лёгкаатлеты рыхтуюцца да Алімпіяды
На беларускіх алімпійцаў працуюць не толькі "Стайкі". Чэмпіёнка свету ў бегу на 800 метраў Марына Арзамасава праходзіць тэст у Навукова-даследчай лабараторыі алімпійскіх відаў спорту ў Гомелі. Фота са старонкі ўстановы ў сацсетках.

“Толькі Аліна Талай паехала ў Аўстрыю. Іван Ціхан знаходзіцца на вучэбна-трэніровачным зборы ў падмаскоўным Жукоўскім, — працягвае Ігар Сівадзедаў. — Вольга Мазуронак, якая ўзяла 4 месца на знакамітым Лонданскім марафоне, і Святлана Кудзеліч знаходзяцца ў Кіславодску, праходзяць так званую горную падрыхтоўку. Але амаль усе гэтыя спартсмены хутка далучацца да зборнай у Стайках”.

Дзе беларускія лёгкаатлеты рыхтуюцца да Алімпіяды
Аліна Талай за дзень да вылету ў Аўстрыю

Бягуха з бар’ерамі Аліна Талай, прызёрка чэмпіянатаў свету і Еўропы, раней не баялася крытыкаваць нашых спартовых чыноўнікаў за неразуменне спецыфікі трэніровачнага працэсу. Але сёння сама станоўча ацэньвае створаныя ў апошнія гады ўмовы.

“Мне здаецца, што лёгкаатлетычны комплекс у Мінску нават лепшы за той, дзе я буду трэніравацца. Але я ўсё адно злятаю ў Аўстрыю, таму што там жыве мой трэнер”, — тлумачыць Талай.

Талай паказала шыпоўкі, у якіх пабяжыць на Алімпіядзе

Дзе беларускія лёгкаатлеты рыхтуюцца да Алімпіяды
Чэмпіёнка Еўропы па кіданні дзіды Таццяна Халадовіч. Фота news.yahoo.com

Новаспечаную чэмпіёнку Еўропы ў кіданні дзіды Таццяну Халадовіч многія спецыялісты лічаць прэтэндэнткай на алімпійскі п’едэстал. У сезоне 2016 года яна паказала адзін з лепшых вынікаў, які таксама адточвала ў Беларусі.

“Зараз лячу на спаборніцтвы, а потым зноўку вяртаюся ў Стайкі. Для падрыхтоўкі мне цалкам дастаткова нашых беларускіх умоваў. Некалькі замежных збораў у гэтым годзе я зрабіла. Напрыклад, у красавіку ў Партугаліі. Гэтага хапіла”, — канстатуе Халадовіч.

Цяпер маладой зорцы трэба справіцца з маральным ціскам, бо пасля перамогі на чэмпіянаце Еўропы вельмі многія заўзятары патрабуюць ад яе такога ж выніку на Алімпіядзе. І не перагарэць у такой сітуацыі перад стартам — таксама важнае ўменне.

“Для гэтага нічога асаблівага не раблю: ні малюся, у шаманскія бубны не б’ю. Перад буйнымі стартамі мне трэба лішні раз развеяцца, дзесьці прагуляцца”, — кажа Таццяна.

У Рыо-дэ-Жанейра беларускія лёгкаатлеты прыбудуць прыкладна за дзесяць дзён да сваіх выступленняў. Гэтага часу, спадзяюцца спецыялісты, хопіць для акліматызацыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі