Дзеці-чарнобыльцы гэтым летам не паедуць на аздараўленне ў Іспанію
Іспанія / mundo.pro
"Нарцыса Грумэзэску гэтым летам не зможа сустрэць маленькага Андрэя Кузьмічова ў аэрапорце Малагі. Не зможа з ім прагуляцца па Бенальмадэне [курортны горад на ўзбярэжжы. — Еўрарадыё] і правесці цэлы дзень на пляжы. Летась Андрэй правёў у Нарцысы два месяцы", — піша іспанскае выданне Sur. Маленькі Андрэй такі не адзін. На аздараўленне ў Іспанію гэтым летам не змогуць паехаць каля 20 беларускіх дзяцей з рэгіёнаў, пацярпелых ад радыяцыі.
Асацыяцыя "Усмешка дзіцяці", якая ўжо амаль 25 гадоў арганізоўвае праграмы для дзяцей-чарнобыльцаў на поўдні Іспаніі ў правінцыі Малага, сёлета адмяніла ўсе паездкі. Алмудэна Армэндыя, віцэ-прэзідэнт асацыяцыі, тлумачыць, што рашэнне было прынята праз нестабільную сітуацыю з COVID-19 у Беларусі.
"Беларусь цяпер адстае ў развязанні праблемы пандэміі. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка адмаўляе існаванне віруса. Ён казаў беларусам піць гарэлку і хадзіць у саўну! Там нават не было каранціну, толькі добраахвотная самаізаляцыя некаторых людзей. Я размаўляла з назіральніцай з Беларусі, яна сказала, што яны вельмі напалоханыя", — каментуе Армэндыя.
Звычайна дзеці праводзяць у іспанскіх сем'ях, якія іх прымаюць, адзін-тры месяцы. Гэтае лета — першае за гісторыю асацыяцыі, калі візіт беларусаў прыйшлося адмяніць.
Сям'я Армэндыя сама не раз прымала ў сябе беларуса Яўгена Бракарэнку. Дзеці-чарнобыльцы часта збліжаюцца са сваімі сем'ямі ў Іспаніі і падтрымліваюць сувязь пасля завяршэння праграмы аздараўлення. Алмудэна Армэндыя з мужам і сынам плануюць прыехаць да Яўгена ў Беларусь на Каляды.
"Таксама жыхарка Малагі Тэрэза Сілес вельмі шкадуе, што сёлета праграмы адмяніліся. Яна супрацоўнічае з асацыяцыяй з 1996 года і за гэты час паспела прыняць у сябе дванаццаць хлопчыкаў і дзяўчатак з Беларусі.
Тэрэза называе сябе "бабуляй", таму што некаторыя з яе прыёмных беларусаў ужо абзавяліся сваімі дзецьмі. Сям'я Сілес спадзяецца, што зможа прыехаць у Беларусь на Каляды і пабачыць беларусаў, якія сталі роднымі", — піша Sur.
Іспанскія кампаніі, якія супрацоўнічаюць з асацыяцыяй "Усмешка дзіцяці", падрыхтавалі падарункі дзецям, якія павінны былі прыехаць гэтым летам. Адзенне і іншыя рэчы прыйдзецца адправіць у Беларусь дастаўкай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.