Дзеці прачынаюцца з пытаннямі пра цябе — Ціханоўская ў дзень нараджэння мужа
Малюнак дачкі Сяргея Ціханоўскага Агніі / @tsikhanouskaya
Сяргею Ціханоўскаму 18 жніўня спаўняецца 45 гадоў. Трэці дзень нараджэння ён адзначае ў зняволенні. Сям'я пазбаўленая зносінаў з ім. Паводле слоў Святланы Ціханоўскай, яна і дзеці даўно не атрымліваюць ад яго ніякіх вестак. У дзень нараджэння мужа лідарка дэмакратычных сіл Беларусі запісала зварот.
"Кожны дзень Агнія і Карней прачынаюцца і засынаюць з пытаннем пра тое, як маецца тата", — кажа Святлана, звяртаючыся да Сяргея Ціханоўскага. Паводле яе слоў, яна заўсёды кажа дзецям, што тата моцны і з усім справіцца. "Я шчыра веру ў гэта, таму што ведаю цябе, Сяргей", — адзначыла яна. Святлана расказвае, як дзеці пераглядаюць сямейнае відэа, як кажуць, што ў іх "найлепшы тата на свеце".
"Ведаю, што ніхто і ніколі не зможа адабраць нашу любоў да цябе", — падкрэсліла яна.
Блогера і аўтара YouTube-канала "Страна для жизни" затрымалі ў траўні 2020 года. Ціханоўскі ў той год планаваў вылучацца кандыдатам у прэзідэнты. Але замест яго на выбары пайшла жонка. Яна стала ў выніку лідарам дэмакратычных сіл Беларусі. У снежні 2021 года Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў пазбаўлення волі. Amnesty International прызнала яго вязнем сумлення, а цэлы шэраг праваабарончых арганізацый — палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.