Дзень Волі ў Гродне — як праходзяць святкаванні
Святкаванне Дня Волі адбываецца сёння ў Гродне. Улады дазволілі зладзіць тут святочны мітынг і канцэрт на пляцоўцы ля Каложскай царквы. Паколькі ў Мінску не далі санкцыі на імпрэзы ў цэнтры горада на буйных пляцоўках, дэмакратычная грамадскасць і неабыякавыя людзі сёння скіроўваюцца ў горад над Нёманам. Менавіта ў Гродне адбудуцца цэнтральныя імпрэзы гэтага свята.
У Каложскім парку ўсталяваная сцэна, на якой выступяць мітынгоўцы, а пасля — беларускія музыкі. Анансаваныя выступы Лявона Вольскага, Змітра Вайцюшкевіча, гуртоў Dzieciuki, “Дай дарогу” і “Крама”.
Перад пачаткам святкавання ў Каложскай царкве адбудзецца набажэнства. Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій дабраславіў яго правядзенне. Яно распачнецца а 12-й гадзіне, непасрэдна перад канцэртам.
Шэраг імпрэзаў з нагоды 101-х угодкаў з дня абвяшчэння Беларускай народнай рэспублікі пройдзе таксама ў Мінску. Напрыклад, 23 сакавіка ў сталіцы аргкамітэт святкавання гадавіны БНР арганізуе ўрачысты прыём у прайм-холе гатэля “Вікторыя”. 24 сакавіка ў Кіеўскім скверы адбудзецца мітынг-канцэрт з удзелам гуртоў гуртоў N.R.M., KaS, “Разбітае сэрца пацана”, “Няхай”, “Водар” і “Дай дарогу”.