Джо Байдэн працягнуў санкцыі супраць топ-чыноўнікаў Беларусі

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн​ / Reuters
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн​ / Reuters

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў пастанову аб прадаўжэнні санкцый супраць шэрагу беларускіх чыноўнікаў. Інфармацыя аб гэтым размешчана на сайце Белага дома.

Рашэнне аб прадаўжэнні санкцый было прынята, таму што "дзеянні і палітыка пэўных прадстаўнікоў беларускага ўрада і іншых асоб працягваюць уяўляць незвычайную і надзвычайную пагрозу нацыянальнай бяспецы і знешняй палітыцы ЗША". Чыноўнікі з санкцыйнага спісу таксама "падрываюць дэмакратычныя працэсы і інстытуты ў Беларусі".

Байдэн нагадвае аб прычынах увядзення гэтых санкцый у 2006-м годзе — аб тым, як дзеянні беларускіх палітыкаў прывялі да падрыву дэмакратычных працэсаў у краіне. Вынікам гэтых дзеянняў сталі недэмакратычныя выбары ў сакавіку 2006 года, парушэнне правоў чалавека і палітычныя рэпрэсіі, публічная карупцыя і злоўжыванне дзяржаўнай уладай.

Санкцыі ўведзеныя ў дачыненні да 10 чыноўнікаў. У чорны спіс трапілі прэзідэнт краіны, сакратар Савета Бяспекі, міністр юстыцыі і ўнутраных спраў, старшыня КДБ, кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі, кіраўнік дзяржаўнага тэлебачання і радыё і іншыя. Людзі са спісу не могуць мець уласнасць у ЗША (калі яна была, на яе накладаецца арышт) і рахункі.

Нагадаем, раней Белы дом аднавіў прыпыненыя санкцыі і ў дачыненні да дзевяці беларускіх дзяржпрадпрыемстваў, у тым ліку "Белнафтахіма", "Белшыны" і "Нафтана". Прычына тая ж — парушэнне правоў чалавека ў краіне. У адказ афіцыйны Мінск таксама заявіў пра санкцыі: пра скарачэнне персаналу амерыканскай дыпмісіі, ўзмацненне жорсткасці візавых працэдур і забарону на працы ў Беларусі Агенцтва ЗША па міжнароднаму развіццю (USAID).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі