ЗША аднавілі санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў
Сярод прадпрыемстваў, якія аказаліся пад санкцыямі, і канцэрн "Белнафтахім" / БЕЛТА
З 3 чэрвеня аднаўляюцца санкцыі ў дачыненні да дзевяці беларускіх кампаній і прадпрыемстваў.
Аб тым, што рашэнне аднавіць замарожаныя санкцыі прынята, у сярэдзіне красавіка заявіла прызначаная амбасадарка ЗША Джулі Фішэр на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай. Тады прагучала, што праз 45 дзён супрацоўніцтва з гэтымі прадпрыемствамі павінна быць спынена. У канцы траўня на прэс-канферэнцыі ў Вашынгтоне прэс-сакратарка Белага дома Джэніфер Псакі назвала канкрэтную дату — 3 чэрвеня.
Пад санкцыі трапілі:
канцэрн "Белнафтахім",
Belneftekhim USA Inc.,
"Беларускі нафтавы гандлёвы дом",
"Белшына",
"Гродна Азот",
"Гродна Хімвалакно",
"Лакафарба",
"Нафтан"
"Полацк-Шкловалакно".
Пасля інцыдэнту з самалётам Ryanair ЗША распачалі яшчэ некалькі крокаў па карэкціроўцы адносін з Беларуссю. Вашынгтон прыпыніў дзеянне дамовы з Беларуссю аб узаемным выкарыстанні паветранай прасторы. А прэзідэнт краіны Джо Байдэн падтрымаў рашэнне ЕС увесці новыя адрасныя эканамічныя санкцыі супраць Мінска. Ён заклікаў беларускія ўлады вызваліць палітвязняў, а таксама адзначыў, што "Злучаныя Штаты працягнуць падтрымліваць народ Беларусі ў яго барацьбе".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.