Джо Байдэн пракаментаваў інцыдэнт з самалётам Ryanair у Беларусі

Джо Байдэн / Reuters
Джо Байдэн / Reuters

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падтрымаў пазіцыю ЕС увесці адрасныя эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі. Ён таксама даручыў сваёй адміністрацыі выпрацаваць крокі па прыцягненні да адказнасці тых, хто мае дачыненне да інцыдэнту з самалётам авіякампаніі Ryanair і арыштам журналіста Рамана Пратасевіча, які быў на борце.

"Я даручыў маёй камандзе распрацаваць належныя варыянты для прыцягнення асоб, якія маюць дачыненне да гэтай ситуацыі, да адказнасці ў цеснай каардынацыі з ЕС, іншымі саюзнікамі і партнёрамі, міжнароднымі арганізацыямі", гаворыцца ў заяве Байдэна, апублікаванай на сайце Белага Дома.

Прымусовае перанакіраванне грамадзянскага самалёта, які ляцеў паміж дзвюма краінамі-чальцамі ЕС, і арышт Пратасевіча прэзідэнт ЗША назваў "прамым парушэннем міжнародных нормаў".

"Гэты абуральны інцыдэнт і відэа, якое спадар Пратасевіч, мяркуючы па ўсім, зняў пад прымусам, з'яўляюцца ганебным нападам як на палітычнае іншадумства, так і на свабоду прэсы", — сказаў Байдэн.

Джо Байдэн падкрэсліў, што ЗША разам з іншымі краінамі заклікаюць беларускія ўлады вызваліць журналіста, а таксама сотні іншых палітычных зняволеных, якія ў цяперашні час "несправядліва ўтрымліваюцца пад вартай рэжымам Лукашэнкі". Байдэн таксама адзначыў, што "Злучаныя Штаты працягнуць падтрымліваць народ Беларусі ў яго барацьбе".

У панядзелак таксама адбылася тэлефонная размова дарадцы па нацыянальнай бяспецы Джэка Салівана са Святланай Ціханоўскай. Бакі гаварылі пра інцыдэнт з самалётам, патрабаванне ЗША неадкладна вызваліць Рамана Пратасевіча і ўсіх палітвязняў у Беларусі, а таксама пра неабходнасць правядзення свабодных і справядлівых выбараў пад наглядам АБСЕ.

"Спадар Саліван ясна даў зразумець, што Злучаныя Штаты ў каардынацыі з ЕС і іншымі партнёрамі будуць прыцягваць да адказнасці рэжым Лукашэнкі", гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным на сайце Белага Дома.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі