Дзве групы мігрантаў з "беларускім следам" затрымалі ў Германіі
Паліцыя Германіі, ілюстрацыйнае фота
У Германіі затрымалі 19 мігрантаў, якія незаконна трапілі ў краіну праз Беларусь, піша Presseportal.
У суботу, 8 чэрвеня, пра групу мігрантаў каля польскай мяжы нямецкім паліцыянтам паведамілі па тэлефоне два чалавекі. Паліцыя затрымала 14 мігрантаў — дзевяць мужчын і дзвюх жанчын з Афганістана, двух іранцаў і аднаго індыйца. Пашпарты былі толькі ў дзевяці з іх. Усе яны прыбылі ў Германію праз Беларусь і Польшчу. Нямецкія ўлады дэпартавалі індыйца ў Польшчу, а астатнія падалі заявы на прытулак у Германіі.
Другую групу мігрантаў выявілі 9 чэрвеня на стацыі Лёкніц недалёка ад мяжы. У пяцярых афганцаў, якія нелегальна трапілі ў Германію, не было пры сабе дакументаў. У тэлефоне аднаго з іх знайшлі фота дзейнага французскага ВНЖ. Праверка пацвердзіла, што ВНЖ сапраўдны. Высветлілася, што афганцы трапілі ў Германію праз Беларусь. Уладальніка ВНЖ абавязалі пакінуць тэрыторыю Германіі на працягу чатырох дзён. Астатнія чацвёра афганцаў падалі заявы на прытулак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.