Дзяржава знайшла дадатковыя сродкі на Каложскую царкву і Крэўскі замак
На выкананне рэстаўрацыйных работ і капітальны рамонт Каложскай царквы ў Гродне, а таксама на кансервацыю Крэўскага замка будзе дадаткова вылучана 369834 рублёў ($190 тысяч). Грошы на гістарычныя помнікі знайшліся ў Фондзе Аляксандра Лукашэнкі па падтрымцы культуры і мастацтва.
Як паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі, кіраўнік дзяржавы ўжо падпісаў распараджэнне аб вылучэнні сродкаў.
Акрамя таго, дадатковае фінансаванне атрымае Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік — на таніраванне адслаення роспісаў XVIII-XIX стагоддзяў Спаса-Праабражэнскай царквы XII стагоддзя.
Вылучэнне дадатковых сродкаў на архітэктурныя помнікі "з'яўляецца сведчаннем увагі дзяржавы да захавання і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны, стварэння спрыяльных умоваў для пазіцыянавання беларускай культуры і яе гісторыі як складнікаў сусветнай культурнай прасторы", — адзначаюць у прэс-службе Аляксандра Лукашэнкі.