Дзярждэп ЗША падтрымаў аднаўленне санкцый супраць беларускіх прадпрыемстваў

Энтані Блінкен / Reuters
Энтані Блінкен / Reuters

Дзярждэпартамент ЗША цалкам падтрымлівае рашэнне амерыканскага міністэрства фінансаў аб аднаўленні санкцый у дачыненні да 9 беларускіх прадпрыемстваў, гаворыцца ў заяве кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Энтані Блінкена.

Паводле яго слоў, санкцыі аднаўляюць з-за ігнаравання беларускімі ўладамі правоў чалавека і невыканання Беларуссю міжнародных нормаў у гэтай галіне.

Блінкен нагадаў, што з 2015 года амерыканскія санкцыі ў дачыненні да 9 беларускіх прадпрыемстваў былі прыпыненыя. Штогод гэтае рашэнне пралангавалася. Але пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў і разгорнутых рэпрэсій у краіне з'явілася 340 палітвязняў.

"Улічваючы рэзкае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, урад ЗША перакананы, што далейшы працяг [прыпынення санкцый] не будзе адпавядаць Акту аб дэмакратыі ў Беларусі і будзе несумяшчальны з амерыканскімі каштоўнасцямі", гаворыцца ў заяве дзяржаўнага сакратара ЗША.

Па словах Блінкена, дзевяць беларускіх прадпрыемстваў, якія зноў апынуцца пад санкцыямі, "фінансуюць і падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі, спрыяючы гвалтоўным рэпрэсіям супраць беларускага народа і адмове ад вяршэнства закона".

Кіраўнік Дзярждэпартамента ЗША заклікаў "беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць усіх несправядліва затрыманых або зняволеных". Ён таксама заявіў, што ЗША маюць намер і далей працаваць разам з міжнароднай супольнасцю над прыцягненнем да адказнасці тых, хто спрыяе парушэнням правоў чалавека ў Беларусі.

Аб аднаўленні санкцыі ў дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў стала вядома напярэдадні пасля сустрэчы прызначанага амбасадара ЗША Джулі Фішэр са Святланай Ціханоўскай. Пад санкцыямі з 26 красавіка апынуцца канцэрн "Белнафтахім", Belneftekhim USA Inc., Беларускі нафтавы гандлёвы дом, "Белшына", "Гродна Азот", "Гродна Хімвалакно", "Лакафарба", "Нафтан"і" Полацк-Шкловалакно".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі