Дзярждэп ЗША запусціў ініцыятыву ў падтрымку палітвязняў, сярод іх — беларусы
Палітзняволеная Марыя Калеснікава / Reuters
Дзяржаўны дэпартамент ЗША запусціў глабальную ініцыятыву ў падтрымку палітвязняў. Сярод вядомых палітзняволеных з усяго свету згадваюцца і беларусы — Марыя Калеснікава, Ігар і Дар'я Лосікі. На сайце ініцыятывы змешчаны гісторыі некаторых палітвязняў, каб праз іх прадставіць тысячы іншых людзей, несправядліва затрыманых і асуджаных.
Ініцыятыва #WithoutJustCause будзе пашыраць інфармацыю аб цяжкім стане палітвязняў, патрабаваць іх вызвалення.
Удзельніца Каардынацыйнай рады Марыя Калеснікава за кратамі з верасня 2020 года, у 2021-м яе асудзілі на 11 гадоў калоніі. Блогер Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі з чэрвеня 2020-га. Ён асуджаны на 15 гадоў зняволення. У кастрычніку 2022-га затрымалі жонку палітвязня Дар'ю Лосік, 18 студзеня яе пачнуць судзіць. Маленькая дачка Ігара і Дар'і цяпер знаходзіцца ў бабулі з дзядулем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.