Дзяўчынак, якія згубіліся ў Пухавіцкім раёне, знайшлі
Дзяўчынак даставілі ў лякарню для агляду
Дзяўчынак двух і чатырох гадоў, якія напярэдадні згубіліся ў Пухавіцкім раёне, знайшлі позна ўначы ў лесе — за 2,5 кіламетра ад вёскі Рыбцы, дзе знаходзіцца дом іх бабулі, распавялі ў МНС. З папярэднім дыягназам "пераахаладжэнне" дзяцей забралі ў бальніцу. Пра знікненне дзяўчынак стала вядома напярэдадні — у раёне 17:30 яны сышлі з дому ў Рыбцах у невядомым кірунку.
У пошуках дзяцей удзельнічалі больш за 600 чалавек, у тым ліку прадстаўнікі пошукава-выратавальных атрадаў "Анёл" і "Сірыус", а таксама валанцёры. Было задзейнічана 50 адзінак тэхнікі. Дзяўчынак шукалі і ў бліжэйшых населеных пунктах, і ў лесе, і ў палях, аглядалі меліярацыйныя каналы, чыгуначныя пуці, берагавую лінію ракі Свіслач.
Медыкі пасля абследавання дзяўчынак паведамілі, што стан дзяцей "стабільны і не выклікае трывогі". Пасля правядзення неабходных дадатковых медыцынскіх кансультацый іх плануюць адпусціць дадому.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.