Дзяўчынка, на якую ў Гомелі ўпаў снег з лёдам, знаходзіцца ў цяжкім стане
"Факты неналежнага выканання службовымі асобами жыллёва-камунальных службаў сваіх абавязкаў"
10-гадовая дзяўчынка, на якую ў Гомелі з даху чатырохпавярховага жылога дома ўпаў снег з лёдам, атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні. За яе жыццё і здароўе цяпер змагаюцца лекары. Пра гэта ў сераду паведамілі ў Генпракуратуры.
Здарэнне адбылося пасля 16-й гадзіны 19 снежня на вуліцы Валатоўскай. Пацярпелі дзве вучаніцы 5 класа. 11-гадовую дзяўчынку пасля агляду медыкамі адпусцілі дахаты, а малодшую забрала ў бальніцу "хуткая". Следчы камітэт паведаміў, што па факце "службовай халатнасці" распачата крымінальная справа.
У панядзелак у Гомелі шпіталізавалі 23-гадовую дзяўчыну, на якую з даху інтэрната ўпала глыба лёду. А ў аўторак у Магілёве ледзяшы зваліліся з даху на 53-гадовую жанчыну, з траўмамі яе завезлі ў бальніцу.
Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па факце гібелі ў Віцебску 39-гадовай жанчыны, на якую 18 снежня ўпала глыба снегу з лёдам. Артыкул — "службовая халатнасць". Па ім у Беларусі пачалі ўжо некалькі крымінальных спраў. У Генпракуратуры кажуць пра факты неналежнага выканання службовымі асобами жыллёва-камунальных службаў сваіх абавязкаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.