ЕГУ могуць прызнаць экстрэмісцкім. Як рэагуюць студэнты і бацькі?

Я, калі чытаю беларускую прапаганду

Я, калі чытаю беларускую прапаганду / pixabay.com

— Уся гэтая гісторыя ўзарвала студэнцкія чаты, але пакуль мы ў асноўным жартуем, — расказвае Еўрарадыё адзін са студэнтаў ЕГУ, які, паводле канспіралагічнага прагнозу прапагандыста Ігара Тура, могуць прызнаць экстрэмісцкім.

Увечары восьмага студзеня, абліваючы ВНУ памыямі ў эфіры АНТ, Тур намякнуў навучэнцам, што трэба забіраць дакументы і часу ў іх, паводле яго адчуванняў, засталося мала.

Ці скарыстаюцца "клапатлівай" парадай прапагандыста студэнты і што на гэты конт думаюць бацькі, да якіх тыя прыязджаюць на канікулы ў Беларусь? Ці ёсць паніка сярод навучэнцаў і як паводзіць сябе адміністрацыя ВНУ ў гэтай сітуацыі?

Вось што нам удалося даведацца.

 

Адлічвацца з ЕГУ ніхто не спяшаецца

Пакуль мы яшчэ не разумеем, што адбываецца і што будзе, — кажа студэнт Аляксандр (імя змененае). — Такое цкаванне ЕГУ з боку дзяржпрапаганды здарылася ўпершыню за доўгі час.

Вядома, студэнты перажываюць, і я ў тым ліку, бо мы не ведаем нашага статусу на найбліжэйшы час. Мы студэнты экстрэмісцкага ўніверсітэта ці хто?

Ігар Тур парэкамендаваў нам хутка забіраць дакументы. Туру ж я б хацеў пажадаць наняць фактчэкера і правяраць свае крыніцы. Бо вельмі шмат у яго відэароліках (а гэта нельга назваць рэпартажам) хібаў.

Сярод маіх аднагрупнікаў ахвочых забраць дакументы пакуль няма. Я чуў, што некаторыя студэнты пачалі прыглядацца да ўніверсітэтаў, куды ў выпадку чаго можна будзе перавесціся. Проста паглядваюць. Але пра такія сітуацыі, каб хтосьці аж пайшоў адлічвацца ці пераводзіцца, я не ведаю.

Я таксама пакуль не думаю пераводзіцца або адлічвацца. Мае бацькі, якія знаходзяцца ў Беларусі, вядома, перажываюць. Але трэба глядзець, што і як будзе.

Баюся сутыкнуцца з тым, што не змагу вярнуцца ў Беларусь ці будуць узнікаць вялікія праблемы. І раней здаралася, што на студэнтаў ЕГУ на мяжы глядзелі спадылба. З аўтобусаў памежнікі не здымалі, але часам задавалі нейкія ўдакладняльныя пытанні. Перажываю, што ездзіць дадому, калі гэта наогул будзе магчыма, стане складаней.

Мы размаўлялі паміж сабой. Многія аднагрупнікі кажуць — акей, проста не вернемся ў Беларусь ці застанёмся ў Літве, калі што.

Паглядзім, што далей. Што будзе з новым наборам, напрыклад, бо 80 працэнтаў студэнтаў — гэта беларусы.

 

Ад універсітэта хочацца падтрымкі і гарантый

Што да рэакцыі адміністрацыі ЕГУ, то мы перажывалі ў асноўным праз тое, што наш універсітэт ніяк не рэагаваў на гэтую гісторыю да ўчарашняга вечара. Але потым нам прыйшоў ліст.

ЕГУ могут признать экстремистским. Как реагируют студенты и родители?
Ніхто і нішто не забярэ ў беларусаў магчымасці вучыцца / pixabay.com

Усё ў Беларусі працуе па прынцыпе вар'яцкай латарэі

— Як па-вашаму, ЕГУ — гэта сапраўды небяспечны экстрэмісцкі ўніверсітэт? — цікавімся ў бацькоў студэнткі, якія пагадзіліся пагаварыць ананімна.

— Для цяперашняй улады небяспечныя ўсе вальнадумныя. Адпаведна, ЕГУ, не ЕГУ — якая розніца? Калі ты самастойна думаеш і выносіш ацэнкі, гэта ў любым выпадку прыводзіць да адназначных наступстваў. Тыя, хто не ходзіць строем у нашай краіне, у любым выпадку экстрэмісты.

Карацей, ніхто не здзіўлены. Чарговая хрэнь! Калі ЕГУ прызнаюць экстрэмісцкім, будзем думаць, ці можна дзіцяці сюды прыязджаць.

Даўно зразумела, што ў Беларусі ўсё працуе па прынцыпе вар'яцкай латарэі. Няма спосабу засцерагчыся, у якой бы ВНУ ты ні вучыўся. Калі ты дзесьці не заўважаны, то можаш быць заўважаны ў іншым месцы — напрыклад, быць у кантакце ў кагосьці, каго замялі.

Няма нічога лінейнага, маўляў, ЕГУ — небяспечна, значыць, калі выключыць ЕГУ — будзеш у бяспецы. Нічога такога, насамрэч. Калі гэта ўсё адбываецца хаатычна і трэба выконваць разнарадкі — ніхто не ў бяспецы і невядома, адкуль што можа прыляцець.

Будзем неяк выжываць і прыстасоўвацца, калі рашэнне будзе прынятае. Што будзе прынятае, мы асабліва не сумняваемся. Бо сітуацыя даўно развіваецца па найгоршым сцэнары. Калі нейкае рашэнне можа пагоршыць сітуацыю, яно, як правіла, у нас прымаецца.

 

Мы ведалі, куды паступалі і навошта

ЕГУ — гэта не толькі адукацыя, але і свайго роду супольнасць. І гэта вельмі важна для тых, хто шануе беларускасць і хоча быць беларусам. Незалежная адукацыя ў беларускім ключы — каштоўная. Мы ведаем, што адбываецца з беларускай адукацыяй тут.

Мы выйшлі з СССР, таму памятаем, што было раней, і ўяўляем, што будзе далей. Ніякага жадання тапіць у гэтым балоце дзяцей няма. Таму паступленне ў ЕГУ мы разглядалі як лагічны варыянт.  

Мы разумелі, што будуць нейкія нязручнасці і наступствы. А што зробіш? Будзем глядзець па сітуацыі.

На жаль, у апошнія гады няма іншага выйсця, чым прыстасоўвацца да сітуацыі. Беларусы — выжывальшчыкі. Адпаведна, калі ты не можаш змагацца з катком, спрабуеш яго абысці.

 

Моладзі патрэбная падтрымка — улады пра гэта не думаюць

Усе, хто вучыцца ў ЕГУ і наогул за мяжой, праходзяць праз крызіс. Асабліва цяжка тым, хто вучыўся падчас пандэміі. Некаторыя нават кінулі ўніверсітэт, бо аказаліся замкнутыя ў чатырох сценах. Маладому чалавеку вельмі цяжка трываць такое.

Наша дачка — інтраверт. Ёй было цяжка спачатку без звыклага кола зносін і сям'і, але яна адаптыўная: занурылася ў навучанне, вучыцца добра.

Спадзяюся, што ў будучыні яна стане мацнейшай, але адчуванні ад таго, што мы, магчыма, не зможам бачыцца, кашмарныя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі