Эканаміст: Ад роста курса долара выйграюць банкі і экспарцёры
5 студзеня долар вырас адразу на 840 рублёў, збор за пакупку валюты знізіўся да 10%.
У панядзелак, 5 студзеня, па выніках таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы, долар вырас адразу на 840 рублёў. Сёння стала вядома, што камісійны збор за пакупку валюты з 6 студзеня знізіцца да 10%.
“Банкі ў першую чаргу, яны з гэтага скарыстаюцца, каб зарабіць. Таксама для экспарцёраў выгадны рост курса долара. У першую чаргу для нафтаперапрацоўшчыкаў, і так далёка не бедных. Іншыя выйграюць. “Беларуськалій”, напрыклад”, — кажа ў каментары Еўрарадыё эканаміст Леанід Заіка.
На яго думку, рост афіцыйнага курса долара працягнеццца і далей, аднак яго тэмпы цяжка прадказаць.
Нагадаем, з 5 студзеня ў Беларусі зніжаная з 20% да 10% стаўка падатку на біржавыя аперацыі па пакупцы замежнай валюты. Адпаведнае рашэнне ўтрымліваецца ў пастанове Савета міністраў, якая была прынятая ў нядзелю.
Нацбанк паведаміў, што з 6 студзеня зніжаецца да 10% камісійны збор пры пакупцы валюты насельніцтвам. Нагадаем, на сённяшні дзень збор складае 20% (з 20 да 30 снежня — 30%). Нацыянальны банк адзначае, што сітуацыя на валютным рынку Беларусі "застаецца ўстойлівай".
Фота: bymedia.net